Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Навагрудку праходзяць рэкалекцыі пакаяння за Беларусь. 25-27 жніўня 2023 года ў касцёле святога Міхала Арханёла на адмысловыя духоўныя практыкаванні сабраліся вернікі, святары і манаскія асобы. Натхненнем сталі фацімскія аб’яўленні Маці Божай, якая ў неспакойны для свету час вайны і рэвалюцый заклікала людзей да пакаяння і навяртання. У праграме рэкалекцый – дзве ўсяночныя адарацыі, некалькі канферэнцый, пілігрымка пакаяння да Маці Божай Новага Жыцця ва Уселюб, Крыжовы шлях і іншыя пакутныя набажэнствы.

Парафіяда дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі праходзіць у Дзеркаўшчыне. 26 жніўня 2023 года ўдзельнікі сабраліся на сустрэчу па тэме Езу, у сэрцы Ты маім. Дзяцей і моладзь чакае святая Імша, набажэнствы, спаборніцтвы, майстар-клас, вясёлы вечар і ўзнагароды. Парафіяда – гэта фармацыя дзяцей і моладзі паводле трыяды: стадыён–тэатр–святыня.

У Адэльску з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адзначылі Дажынкі. 19 жніўня 2023 года ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і філіяльнай капліцы гэтай парафіі адбыліся святыя Імшы з нагоды свята хлебаробаў. Абедзве літургіі цэлебраваў заслужаны іерарх, для якога адэльская парафія з’яўляецца роднай. Арцыбіскуп эмерыт благаславіў вянкі сёлетняга жніва, пажадаў хлебаробам Божага благаслаўлення ў іх прафесійным і духоўным жыцці.

Мінула 11 месяцаў з часу закрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску. Нагадаем, у ноч на 26 верасня 2022 года адбыўся пажар, пасля якога ўлады абвясцілі аб закрыцці касцёла. З тых часоў дзверы святыні застаюцца апячатаныя. Афіцыйнай прычынай такога рашэння была названая неабходнасць у аднаўленчых працах. Аднак дагэтуль, паводле парафіянаў, якіх-небудзь бачных работ не вядзецца, ніякага руху не назіраецца, афіцыйныя органы нічога не паведамляюць пра пачатак рамонту. У плябаніі па-ранейшаму адключаны вада і электрычнасць.

Летнія акцыі Канікулы з Богам завяршыліся ў парафіях Беларусі. У прыватнасці, у гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай 15-20 жніўня 2023 года дзеці разважалі аб шляхах да святасці. У праграме кожнага дня былі канферэнцыя, святая Імша, а таксама гульні і забавы. А ў лідскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі падчас Канікул з Богам дзеці разважалі пра галоўныя праўды веры.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

26 жніўня 2023, 07:26