Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Улады Нікарагуа скасавалі прававы статус ордэна езуітаў

Палітычны рэжым Даніэля Артэгі ў Нікарагуа скасаваў прававы статус Таварыства Езуса ў гэтай краіне і выдаў распараджэнне аб канфіскацыі ўсёй яго маёмасці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Цэнтральнаамерыканская правінцыя Таварыства Езуса абнародавала спецыяльную заяву, падкрэсліваючы, што рашэнне было прынята ўладамі без адміністратыўных працэдур, прадугледжаных законам, і без магчымасці абскардзіць яго ў бесстаронніх судовых органах, якія маглі б асудзіць гэтыя злоўжыванні ўладай.

Езуіты асудзілі “новую агрэсію”, якая адбылася ў кантэксце палітыкі тэрору супраць насельніцтва Нікарагуа і “самых сістэматычных рэпрэсій”, якія праводзіць на нацыянальным узроўні рэжым Артэгі. Падкрэсліваецца, што група экспертаў ААН ужо назвала іх “злачынствам супраць чалавецтва”.

У заяве Цэнтральнаамерыканскай правінцыі Таварыства Езуса адзначаецца, што меры, якія прымаюцца ўладамі, накіраваны на “поўнае ўсталяванне таталітарнага рэжыму”. Адказнымі за гэта называюцца Прэзідэнт і Віцэ-Прэзідэнт, вінаватыя таксама ў перашкодзе незалежнасці і нейтралітэту судовай сістэмы.

Езуіты Цэнтральнай Амерыкі звярнуліся да кіраўніцтва краіны з заклікам спыніць рэпрэсіі і спрыяць “разважліваму рашэнню, у якім будуць пераважаць праўда, справядлівасць, дыялог, павага да правоў чалавека і прававой дзяржавы”. Яны заахвоцілі паважаць свабоду і тоеснасць езуітаў і людзей, якія з імі супрацоўнічаюць. Таварыства Езуса ў Нікарагуа, “разам з тысячамі нікарагуанскіх ахвяраў, чакае справядлівасці і кампенсацыі шкоды, нанесенай цяперашнімі ўладамі”, - гаворыцца ў заяве.

Скасаванню прававога статуса ордэна езуітаў у Нікарагуа папярэднічаў шэраг рэпрэсіўных мер супраць гэтай манаскай супольнасці. 19 жніўня ўлады абвінавацілі ў садзейнічанні тэрарызму прэстыжны езуіцкі Цэнтраальнаамерыканскі ўніверсітэт у Манагуа і загадалі канфіскаваць маёмасць гэтай навучальнай установы. Разам з тым яны канфіскавалі адну з рэзідэнцый езуітаў, дзе пражывалі тры святары.

Жорсткія палітычныя рэпрэсіі пачаліся ў Нікарагуа ў 2018 года, пасля таго як у краіне прайшлі маштабныя грамадскія пратэсты. Артэга назваў іх спробай дзяржаўнага перавароту, падтрыманай біскупамі і замежнымі дзяржавамі. Біскупы і святары падвергліся пераследу і запалохванню, некаторыя з іх былі вымушаны пакінуць краіну, былі закрыты шматлікія каталіцкія навучальныя ўстановы, СМІ і дабрачынныя структуры. На 26 гадоў турэмнага зняволення быў асуджаны біскуп Раланда Альварэс, які адмовіўся сесці на борт самалёта, што пераводзіў палітычных зняволеных у выгнанне ў ЗША.

У 2022 годзе ўрад Нікарагуа выслаў Апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Вальдэмара Зомертага, а ў красавіку 2023 года Святы Пасад закрыў сваю нунцыятуру ў Манагуа, прыпыніўшы па просьбе ўрада дыпламатычныя адносіны.
 

24 жніўня 2023, 12:52