Кардынал Фрэнсіс Ксаўе Крыенгсак Кавітваніт (у цэнтры) падчас візіту Францішка ва Улан-Батар Кардынал Фрэнсіс Ксаўе Крыенгсак Кавітваніт (у цэнтры) падчас візіту Францішка ва Улан-Батар 

Арцыбіскуп Бангкока бачыць Касцёл будучыні больш азіяцкім

Касцёл будучыні будзе больш азіяцкім, такое меркаванне выказаў тайландскі кардынал Фрэнсіс Ксаўе Крыенгсак Кавітваніт, каментуючы апостальскае падарожжа Францішка ў Манголію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю італьянскай Il Messaggero іерарх звярнуў увагу на тое, што хоць каталікі ў Манголіі нешматлікія, іх стала значна больш у параўнанні з пачаткам 1990-х гадоў.

“У Тайландзе таксама расце колькасць католікаў. Папа Францішак хоча даць дакладны кірунак гэтаму росту, які не азначае, што Еўропы будзе менш, а Азіі больш, але тое, што кожны кантынент павінен адыгрываць сваю ролю і распаўсюджваць евангельскае пасланне праз сведчанне свецкіх вернікаў і духавенства.

Гаворачы пра сітуацыю Касцёла ў Кітаі, кардынал выказаў перакананне ў тым, што ватыканска-кітайскае пагадненне аб прызначэнні біскупаў з’яўляецца добрым і карысным. Ён запэўніў, што Касцёл “не мае ніякай палітычнай праграмы для рэалізацыі, але ціхае і пакорнае дзеянне Евангелля на карысць усіх, для згоды, для адзінства грамадскага цела”. Ён проста хоча “дыялогу з усімі, з кожнай рэлігіяй”. Гэта “агульнае месца сустрэчы”, дзе ўсё пачынаецца.

На пытанне, ці можа будучы Папа стаць выхадцам з Азіі, тайландскі іерарх заявіў, што “такія рэчы знаходзяцца ў руках Божага Провіду”. “Памыляюцца тыя, хто думае, што справа толькі ў галасаванні (на канклаве). Мы верым у Провід, а не ў лічбы ці логіку дэмакратыі. У Касцёле ёсць нешта вышэйшае, што ім рухае, – еднасць з Хрыстом. Кардыналы-выбаршчыкі не ведаюць, хто будзе абраны. У любым выпадку, мы адкрытыя для ўсяго”, - адзначыў арцыбіскуп Бангкока.

Ён назваў кастрычніцкае пасяджэнне Сінода Біскупаў па сінадальнасці “Трэцім Ватыканскім Саборам”, падзеленым на часткі. “Папа хацеў, каб так было, пачынаючы з асновы, з тэм, якія пазначылі вернікі”, - адзначыў кардынал Кавітваніт.
 

05 верасня 2023, 11:25