Кардынал Жан-Марк Авелін, арцыбіскуп Марселя Кардынал Жан-Марк Авелін, арцыбіскуп Марселя 

Арцыбіскуп Марселя: Міжземнамор’е патрабуе большага супрацоўніцтва

Выклік міграцыі ў міжземнаморскім рэгіёне патрабуе больш шчыльнага супрацоўніцтва паміж Касцёлам і свецкімі ўладамі, - перакананы арцыбіскуп Марселя.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак адведае гэты французскі горад 22-23 верасня 2023 года з нагоды Міжземнаморскай сустрэчы – форума, у якім будуць браць удзел біскупы і мэры гарадоў рэгіёна, прадстаўнікі розных канфесій і рэлігій. Адной з яго цэнтральных тэм  будзе міграцыя і права заставацца ў сваёй краіне.

Кардынал Жан-Марк Авелін падкрэсліў у каментары для Vatican News, што Марсель быў выбраны месцам правядзення форума невыпадкова – гэты партовы горад вымушаны адказваць на выклікі ўсяго Міжземнамор’я. У сілу свайго геаграфічнага месцазнаходжання ён навучыўся прымаць розныя культуры і рэлігіі і нягледзячы на шматлікія штодзённыя цяжкасці з’яўляецца таксама знакам надзеі для свету.

Іерарх заўважыў, што Папа хацеў, каб пасля двух папярэдніх Міжземнаморскіх сустрэч, якія праходзілі ў 2020 годзе ў Бары і ў 2022 годзе ў Фларэнцыі, чарговы сход адбыўся не ў Італіі. Гэта павінна падкрэсліць той факт, што выклікі і цяжкасці рэгіёна датычаць не толькі гэтай краіны. Кардынал Авелін заўважыў, што ў сёлетняй асамблеі прымуць удзел, між іншых, прадстаўнікі Чорнай Афрыкі.

Падчас сустрэчы гаворка будзе ісці не толькі пра праблемы мігрантаў, але таксама пра эканамічную няроўнасць і беднасць, ахову навакольнага асяроддзя, геапалітычную і рэлігійную напружанасць. Звяртаючы ўвагу на значэнне форума для будавання братэрскай і мірнай будучыні, арцыбіскуп Марселя нагадаў, што рэлігіі могуць дапамагаць вырашаць праблемы, калі не дазваляюць перацягнуць сябе на бок ідэалогій, якія іх выкарыстоўваюць.
 

13 верасня 2023, 12:52