Беларускі святар абараніў дактарат у Грыгарыянскім універсітэце
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Беларускі святар прысвяціў сваё навуковае даследаванне прынцыпу sympátheia у навучанні святога Тэафана Пустэльніка (1815-1894) – расійскага праваслаўнага тэолага, публіцыста, прапаведніка і педагога. Праца носіць міждысцыплінарны характар. У ёй закранаюцца сучасныя выклікі сацыяльна-палітычнага, псіхалагічнага і педагагічнага характару.
Ксёндз Раман прапанаваў філасофска-тэалагічны погляд на праблемы адносін у грамадстве, падкрэсліваючы важнасць раздзялення цяжараў і радасцяў паміж членамі супольнасці ў адпаведнасці з заклікам апостала Паўла: “Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены; калi праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены” (1 Кар 12,26)
Мадэратарам доктарскай працы быў італьянскі святар, ксёндз Стэфана Капрыа, выкладчык Папскага ўсходняга інстытута, эксперт у галіне ўкраінскай і расійскай філасофіі, які займаўся місіянерскай і душпастырскай дзейнасцю ў Расіі. Цэнзарам выступіў ксёндз Пэтэр Дуфка, славацкі святар, езуіт, выкладчык усходняй тэалогіі ў Папскім грыгарыянскім універсітэце і Папскім усходнім інстытуце.
На абароне дактарату прысутнічаў кардынал-намінант Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, які з 2011 па 2015 год быў Апостальскім нунцыем у Беларусі і натхніў ксяндза Рамана на вучобу ў Італіі. Іерарх высока ацаніў зробленую працу і падкрэсліў яе актуальнасць. Прысутнічалі таксама бацька ксяндза Рамана, выкладчыкі, сябры і вернікі італьянскай парафіі, у якой ён служыў падчас свайго навучання.
Ксёндз Раман Суша нарадзіўся ў 1990 годзе ў Кіеве ў беларускай каталіцкай сям’і. Дзяцінства правёў у Вілейцы, на радзіме бацькоў. Прымаў удзел у жыцці мясцовай парафіі, захапляўся інфарматыкай. Распазнаў пакліканне да святарства і паступіў у Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. Скончыў магістратуру ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ. Пасля пасвячэння займаўся душпастырствам у касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску. Вывучаў місіялогію і духоўнасць у Папскім Грыгарыянскім універсітэце, клінічную псіхалогію ў Collegium Humanum – Варшаўскай вышэйшай менеджарскай школе ў Польшчы. Піша доктарскую дысертарцыю па хрысталогіі на Папскім тэалагічным факультэце святога Банавентуры, вядомым як Серафікум, дзе запрошаны распачаць выкладчыцкую дзейнасць.