Кардынал Блэйз Сьюпіч Кардынал Блэйз Сьюпіч  

Кардынал з ЗША: не варта баяцца Сінода – гэта даўняя традыцыя

Арцыбіскуп Чыкага заклікаў католікаў адмовіцца ад страхаў і заклапочанасці адносна будучага пасяджэння Сінода Біскупаў па сінадальнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Блэйз Супіч нагадаў, што сіноды з’яўляюцца часткай старажытнай каталіцкай традыцыі, а іх мэта – пошук спосабу “застацца вернымі задуме Хрыста” адносна Касцёла.

Агенцтва CNA, якое цытуе іерарха, нагадала, што Святы Пасад вызначае сінадальнасць як “уцягнутасць і ўдзел усяго народа Божага ў жыцці і місіі Касцёла”. Між тым многія каментатары выказваюць занепакоенасць тым, што біскупы, удзельнікі Сінода, могуць перайсці да прапаноў, якія ўжо былі адхілены касцёльнымі ўладамі, напрыклад, пасвячэння жанчын у сан святара.

У лісце, апублікаваным у архідыяцэзіяльным выданні Chicago Catholic, кардынал Сьюпіч абвінаваціў крытыкаў Сінода ў “распальванні страху”. Яны сцвярджаюць, што сход можа “радыкальна змяніць вучэнне і практыку Касцёла”.

Ён адзначыў, што “гісторыя паказвае на выкарыстанне тактыкі страху тымі, хто выступае супраць любога абнаўлення, якое цягне за сабой змены”. Кардынал спаслаўся тут на словы святога Яна XXIII, які на пачатку Другога Ватыканскага Сабора перасцерагаў ад прарокаў пагібелі, якія заўсёды абвяшчаюць катастрофы ў жыцці Касцёла.

На думку Мітрапаліта Чыкагскага, крытыкі Сінода “цалкам няправільна характарызуюць” яго мэты і намеры. На сустрэчы біскупы перш за ўсё разгледзяць пытанне аб тым, як католікам “застацца вернымі Хрыстовым планам адносна Касцёла”.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што Папа Францішак дзейнічае ў адпаведнасці з бачаннем сваіх папярэднікаў і Другога Ватыканскага Сабора, а сама канцэпцыя сінадальнасці “адсылае да старажытнай рэчаіснасці” Каталіцкага Касцёла.

Ён згадаў дакумент Міжнароднай тэалагічнай камісіі, у якім адзначаецца, што “рэалізацыя сінадальнага Касцёла з’яўляецца неабходнай умовай для новай місіянерскай энергіі, якая ахопіць увесь народ Божы”. “Гэтага, вядома, не варта баяцца”, - адзначыў кардынал Сьюпіч.

Ён з’яўляецца адным з дэлегатаў асамблеі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў Ватыкане 4-29 кастрычніка 2023 года.
 

18 верасня 2023, 11:32