Марцін Бушэрмёле, Ангеліка Шмэлінг, Марцін Ленц Марцін Бушэрмёле, Ангеліка Шмэлінг, Марцін Ленц 

Мінулае і будучыня партнёрства: Renovabis і Касцёл у Беларусі

Міжнародны кангрэс Renovabis праходзіць у Мюнхене. Тут абмяркоўваюць планы на будучыню і падводзяць вынікі 30-гадовай працы дабрачыннай структуры. На форуме прысутнічаюць і адказныя за праекты ў Беларусі ў розныя часы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Марцін Бушэрмёле, былы адказны ў Renovabis за беларускія праекты, з цеплынёй успамінае паездкі ў Беларусь, бо да гэтага знаў пра краіну і мясцовы Касцёл толькі з дакументацыі па праектах. І хоць з пачатку сярод партнёраў ён сустрэў свайго роду скептыцызм, агульная мова была знойдзена.

“Я вельмі хутка адчуў, што заваёўваю давер партнёраў, а іх у нас шмат у аддаленых месцах, асабліва ва ўсходняй частцы Беларусі, якую самі беларускія святары жартам называюць Камчаткай, дзе духавенства і манахіні давяралі мне свае асабістыя перажыванні і праблемы, сваю гісторыю ўзаемаадносін з Касцёлам. Яны зразумелі, мы не прыехалі з Германіі з ідэяй: у нас ёсць грошы, і мы хочам, каб вы рэалізавалі нашы праекты. Мы прыехалі з пытаннем, што вам трэба і як мы можам вам дапамагчы, каб тое, што вы задумалі, што вам патрэбна, дапамагло вам у доўгатэрміновай перспектыве?” - падзяліўся з Vatican News нямецкі тэолаг.

Адказным асобам было зусім не проста знайсці адзіную агульную лінію ў евангелізацыі і душпастырскай працы

Ён згадаў, як у часы яго працы ішоў вельмі цяжкі працэс пошуку ўласнай ідэнтычнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Акрамя таго, існавалі розныя душпастырскія канцэпцыі, якія было вельмі цяжка прымірыць. Адказным асобам было зусім не проста знайсці адзіную агульную лінію ў евангелізацыі і душпастырскай працы.

Марцін Бушэрмёле
Марцін Бушэрмёле

“У будаўнічых праектах існаваў сумесны падыход. Усе дыяцэзіяльныя біскупы разам узгаднялі прыярытэтны спіс такога роду ініцыятыў; не кожны біскуп толькі для сябе, а ўсе разам”, - успамінае Марцін Бушэрмёле. Менавіта тады ўзнікла ідэя зрабіць нешта ў душпастырскім сектары і пабудаваць душпастырскі цэнтр, але задуманае не ўдалося рэалізаваць да канца, аб чым прадстаўнік Renovabis вельмі шкадуе.

 

“Партнёрства заўсёды характарызуецца ўзаемным навучаннем. Вы разам праходзіце шлях, і абодва змяняецеся ў залежнасці ад магчымасцей”

Марцін Ленц, таксама былы адказны ў Renovabis за беларускія праекты, у сваю чаргу адзначае, што ў справе Renovabis вялікую ролю адыгрывае партнёрства, для якога цяпер больш перашкод, чым раней.

“Асабіста я лічу, што партнёрства выяўляецца на базавым узроўні, у адносінах людзей адно да аднаго. І ў Беларусі я вельмі хутка пераканаўся, што існуе вялікі давер да Renovabis, што можна адкрыта гаварыць з партнёрамі. І гаворка не толькі пра стратэгіі, пра тое, як атрымаць фінансаванне наступнага праекта. Вядома, такое таксама бывае, і гэта дапушчальна, гэта цалкам нармальна. Але акрамя гэтага партнёры цікавіліся і тым, што адбываецца, напрыклад, у Германіі. Я таксама думаю, што партнёрства заўсёды характарызуецца ўзаемным навучаннем. Вы разам праходзіце шлях, і абодва змяняецеся ў залежнасці ад магчымасцей. Гэта цэнтральная для мяне гісторыя, што абодва бакі аказваюцца змененымі, у большай ці меншай ступені, у выніку сустрэчы. Сённяшняя сітуацыя паказвае, што важна старацца ствараць месцы і магчымасці, дзе людзі сапраўды сустракаюцца, дзе яны абмяркоўваюць, размаўляюць, абменьваюцца ідэямі. Бо партнёрства – гэта пастаянная задача, над якой неабходна працаваць. Асабіста я заўсёды знаходзіў і бачыў вялікую цікавасць да гэтага з боку беларускіх партнёраў”, - падкрэсліў Марцін Ленц.

Марцін Ленц
Марцін Ленц

Ён згадаў самы цікавы праект у Беларусі, і гэта не было нешта маштабнае, але вельмі кранальнае. І ў гэтым сэнс дапамогі: з малых спраў пачынаецца нешта вялікае. “Гэта быў малады святар, з якім я пазнаёміўся ў Віцебскай дыяцэзіі. Ён атрымаў ад нас грант на машыну. І звычайна чалавек думае, ну, дапамога на матарызацыю – яна заўсёды даецца, калі застаецца крыху бюджэту і калі ўсё іншае завершана. Гэта крыху фармальна і справа не з самым высокім прыярытэтам. Але я неяк сустрэўся з гэтым святаром падчас адной з чарговых паездак у Беларусь. І ён правёў са мной нейкі час і проста паказаў мне, што ён можа рабіць дзякуючы гэтаму аўтамабілю, як ён спрабуе “дастукацца да людзей”. Мы ездзілі па ўзгорках і далях, каб наведаць людзей, часта хворых вернікаў. Ён паказаў мне, чаго можа дасягнуць такі, здавалася б, банальны праект, як матарызацыя. Гэта рэчы, якія цябе кранаюць”, - паведаміў Марцін Ленц.

“У Беларусі шмат магчымасцей. Асабліва вялікі патэнцыял у манаскіх супольнасцей”

А што датычыцца сённяшніх планаў? Ангеліка Шмэлінг, цяперашняя адказная ў Renovabis за беларускія праекты, падкрэсліла, што партнёрства не спынілася, яно набыло новыя формы і напрамкі.

“Мы сапраўды імкнёмся да партнёрства, каб потым разам абмяркоўваць праекты. Калі заяўляецца праект, мы спачатку глядзім, што за ідэя ляжыць у яго аснове, а затым стараемся дапамагчы як мага прасцей яе рэалізаваць. У гэтым і заключаецца наша партнёрства. Вядома, мы працуем у трыкутніку і з іншымі арганізацыямі, напрыклад, з Caritas аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц. Мы падтрымліваем сувязь праз інтэрнэт, робім відэаканферэнцыі, абменьваемся інфармацыяй праз месенджары, вось так сёння працуем”, - падзялілася рэферэнт па Беларусі.

 

Ангеліка Шмэлінг
Ангеліка Шмэлінг

Для яе асабліва важнымі з’яўляюцца ініцыятывы, якія рэалізуюць манаскія асобы, нават калі яны і не маштабныя. Сёстры ўкладаюць у іх шмат сэрца. “Але, вядома, праект маёй душы – гэта Дзіцячая вёска ў Гомелі, проста таму, што мы так доўга яго падтрымліваем. Гэта паказальны праект, які мае шырокі рэзананс; ён па-сапраўднаму ўнікальны і вельмі патрабавальны з пункту гледжання працы”, - прызналася Ангеліка Шмэлінг.

На яе думку, у Беларусі шмат магчымасцей. Асабліва вялікі патэнцыял у манаскіх супольнасцей. “Было б добра, калі б большая колькасць з іх магла падтрымаць сваіх братоў і сясцёр у Беларусі”, - рэзюміравала прадстаўніца Renovabis.

Ангеліка Шмэлінг выказала надзею на тое, што ў будучыні Касцёл у Беларусі і Renovabis змогуць вярнуць папярэдні ўзровень супрацоўніцтва і яшчэ больш яго пашырыць.
 

14 верасня 2023, 11:19