Нунцый у Германіі: некаторыя забылі аб хрысціянскай антрапалогіі
Ян Глінскі
Апостальскі нунцый у Германіі прыняў удзел у адкрыцці пасяджэння нямецкага епіскапата ў Берліне. Сваё выступленне ён цалкам прысвяціў напаміну пра вучэнне Касцёла на тэму чалавека як мужчыны і жанчыны.
Іерарх нагадаў, што асновай хрысціянскай антрапалогіі з’яўляюцца першыя словы Святога Пісання, у якіх паказана воля Бога адносна чалавека, створанага як мужчына і жанчына, і благаслаўлёнага Стварыцелем быць плодным і насяляць зямлю. Гэтае першапачатковае бачанне чалавека было цалкам пацверджана таксама Хрыстом. Яно па-ранейшаму актуальнае, і Касцёл верны яму, пра што сведчыць яго вучэнне.
Нунцый цытаваў вучэнне Папы Францішка, у якім ён настойліва заахвочвае Касцёл і сем’і супрацьстаяць каланізацыі гендэрнай ідэалогіяй, а ў прыватнасці, абавязацца абараняць новыя пакаленні.
“Нельга эксперыментаваць на дзецях і моладзі, - падкрэсліў арцыбіскуп Этэравіч, цытуючы Святога Айца. – Жахі маніпуляцыі праз адукацыю, сведкамі якіх мы былі ў вялікіх дыктатурах генацыду ХХ стагоддзя, не зніклі; яны ўсё яшчэ прысутныя ў іншых відах і прапановах, якія пад выглядам сучаснасці прымушаюць дзяцей і моладзь ісці па дыктатарскім шляху “маналітнага мыслення”. Пры гэтым папскі дыпламат указаў на неабходнасць падтрымліваць бацькоў, за якімі павінна быць захавана права вырашаць як выхоўваць сваіх дзяцей.
Ідэалагічная каланізацыя можа ўяўляць сабой пагрозу рэлігійнай свабодзе, а “мы хочам толькі мець магчымасць выказаць свой погляд адносна мужчын і жанчын, погляд, які паходзіць з Евангелля і ўкаранёны ў Традыцыі Касцёла”, – адзначыў нунцый, цытуючы нядаўнюю заяву Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы з нагоды 75-годдзя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.