Удзельнікі Сінода Біскупаў Удзельнікі Сінода Біскупаў  (Vatican Media)

Арцыбіскуп Кастэлучы пра Сінод: розныя меркаванні – гэта добра

“Альтэрнатыўныя пункты гледжання і прапановы вітаюцца, аднак калі мы сапраўды дазволім, каб намі кіраваў Дух”, - адзначыў на тэму Сіноду арцыбіскуп Эрыё Кастэлучы, намеснік старшыні Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Ян Глінскі

4 кастрычніка 2023 года ў Ватыкане распачалася XVI Звычайная Асамблея Сінода Біскупаў аб сінадальнасці, які, на думку італьянскага біскупа, з’яўляецца “нагодай, каб аднавіць унутраную раўнавагу, вырашыць рознагалоссі” і “выйсці абвяшчаць Евангелле”. Аднак дасягнуць гэтага можна паставіўшы “на першае месца патрэбу ў Богу, якую бачна ўсюды, і прыстасаваць да яе нашы структуры”

На думку біскупа Мадэны, дадзены Сінод “можа паспрыяць падрыву пэўнай унутранай дынамікі”: “Увядзенне рэформаў у хрысціянскіх супольнасцях патрабуе доўгай практыкі, каб яны будавалі, а не падзялялі”. “Мы таксама чакаем далейшых рэкамендацый адносна лідарства супольнасцяў і магчымасці сапраўднай сумеснай адказнасці свецкіх. Гэта настолькі важная тэма, што яна не можа абмяркоўвацца толькі лакальнымі Касцёламі, але павінна мець паўсюдны характар”, - падкрэсліў іерарх.

“Занадта часта мы замыкаемся ў бюракратыі і механізмах, якія лічым важнымі, але якія насамрэч перашкаджаюць нам услухацца ў патрэбу Бога, якая існуе звонку”, - сказаў арцыбіскуп Кастэлучы, прывёўшы словы Папы пра важнасць евангелізацыі, а не ўнутранай структуры Касцёла.

Кажучы пра метадалогію Сіноду, якая прадугледжвае размовы ў невялікіх групах, ён заўважыў, што “кожны зможа свабодна выказацца”. На пытанне, ці не асцерагаецца іерарх розных меркаванняў, якія могуць з’явіцца падчас пасяджэння, арцыбіскуп Кастэлучы адказаў: “Дзякуй Богу, што будуць розныя меркаванні”, бо “мы не армія, падпарадкаваная дыктатуры”.

“Альтэрнатыўныя пункты гледжання і прапановы вітаюцца, аднак калі мы сапраўды дазволім Духу весці сябе, калі будзем супрацьстаяць адзін аднаму з мэтай знайсці сінтэз, а не пацвердзіць уласную пазіцыю, - дадаў іерарх. - Святы Дух будзе мець шмат працы”.
 

06 кастрычніка 2023, 08:11