Барталамей І падчас прыёму ў іспанскага караля Фэліпа VI Барталамей І падчас прыёму ў іспанскага караля Фэліпа VI  (ANSA)

Барталамей І: навядзенні мастоў экуменізму спрыяе міру на Зямлі

Патрыярх Канстанцінопальскі выступіў з чарговым заклікам да міру ў многіх праблемных пунктах планеты. Падчас свайго візіту ў Іспанію Барталамей І звярнуў вагу на жорсткасць войнаў у Святой Зямлі і ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нагадваючы аб добрых плёнах каталіцка-праваслаўнага дыялогу, ён запрасіў да сумесных дзеянняў на карысць сапраўднага міру ва ўсім свеце. Іерарх падкрэсліў дасягнутыя на працягу больш чым 50 гадоў станоўчыя вынікі кантактаў паміж абедзвюма супольнасцямі, якія заключаюцца ў “навядзенні мастоў збліжэння”.

“Двухбаковы дыялог паміж дзвюма нашымі Цэрквамі-сёстрамі з'яўляецца святлом надзеі і доказам нашай прыхільнасці хрысціянскаму адзінству, узаемаразуменню і прымірэнню”, - сказаў праваслаўны Патрыярх.

“Калі мы разважаем аб кроках, якія мы зрабілі да гэтага часу, як на тэалагічным, так і на духоўным узроўнях, асабліва з нашым братам Яго Святасцю Папам Францішкам, дзеля абароны прыроднага асяроддзя, становіцца ясна, што нам яшчэ трэба прайсці доўгі шлях, каб сведчыць аб Валадарстве Божым. Мы павінны працягваць выхоўваць зерне дыялогу і спагады, якія мы пасадзілі. Наша адноўленае адзінства можна ўбачыць не толькі ў тэалагічных размовах, але і ў сумесных намаганнях на карысць міру, салідарнасці і згода ў свеце”, - падкрэсліў Бартламей І.

Ён аднавіў свой нядаўні “шчыры і гарачы заклік да міру на Блізкім Усходзе”. “Гэты рэгіён, які з’яўляецца Святой Зямлёй не толькі для нас, хрысціян, але і для ўсіх трох традыцый аўраамічных рэлігій, спазнаў жахлівыя трагедыі і пакуты. Давайце зноў возьмем на сябе абавязацельства спрыяць міру і справядлівасці на Блізкім Усходзе, але таксама ва Украіне і ва ўсім свеце. Няхай нашымі намаганнямі кіруе святло веры, Божая мудрасць і бязмежная любоў, якая яднае нас як братоў і сясцёр у Хрысце”, - заклікаў Патрыярх Канстанцінопальскі.
 

21 кастрычніка 2023, 12:10