Кардынал Дзупі: маліцца, каб не падавацца насіллю, вайне і жаху
Марыя Валодзіна - Vatican News
Дзень посту і малітвы, прызначаны Папам на 27 кастрычніка 2023 года, вельмі важны, таму што "трэба перамагаць гвалт, нельга прызвычайвацца да вайны, да жаху, да трагедыі”, - сказаў арцыбіскуп Балонскі і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі, звяртаючыся да грамадскасці падчас 40-й асамблеі Нацыянальнай асацыяцыі італьянскай муніцыпалітэтаў (ANCI), якая прайшла ў Генуі 26 кастрычніка.
Гарантаваць правы ізраільцян і палестынцаў
На думку кардынала Дзупі, неабходна знайсці такое рашэнне канфлікту, якое б гарантавала правы абодвух бакоў. Палестынскае кіраўніцтва павінна быць "аўтарытэтным" і "здольным абараняць свой народ", таму што ХАМАС – гэта “горшы вораг палестынскага народа". Часам мы заўважаем праблемы, толькі калі яны ўзнікаюць, абвастраюцца. Каб вырашыць канфлікт, трэба зразумець і ліквідаваць яго “карэнныя прычыны”, - адзначыў іерарх.
Важнасць дыялогу
Фундаментальнае значэнне мае дыялог, неабходна будаваць "масты, а не сцены". “Канфлікты заўсёды будуць існаваць, яны з'яўляюцца часткай жыцця". Але нават канфлікты "нізкай інтэнсіўнасці", з'яўляюцца, тым не менш, формай “забруджвання” свету. Тое, чаго абсалютна неабходна пазбягаць, - гэта палярызацыя. Канфлікты павінны вырашацца праз дыялог, і чым раней яго распачаць, тым хутчэй будуць ліквідаваныя прычыны канфлікту", - лічыць старшыня італьянскага епіскапату.
Што тычыцца Украіны, "асноўная мэта – у тым, каб прыйсці да справядлівага і бяспечнага міру", таму што вайна – гэта шлях, ад якога трэба ўсё больш і больш адмаўляцца. Даручаная яму Францішкам місія па спрыянню міру ва Украіне, з якой ён ужо пабываў у Кіеве, Маскве, Вашынгтоне і Пекіне, будзе працягвацца, - зазначыў іерарх.
Перад тварам канфліктных сітуацый, як і пандэміі, "мы ўсе ў адной лодцы". Папа Францішак з запалам спрабуе рабіць усё магчымае. “Тое, што адбываецца ва Украіне і ў Святой Зямлі, не можа не хваляваць нас”, - сказаў кардынал Дзупі.