Падчас візіту кардынала Фернанда Філоні ў Іерусалім. Май 2022 года Падчас візіту кардынала Фернанда Філоні ў Іерусалім. Май 2022 года 

Кардынал Філоні аб дзейснасці посту і малітвы для вяртання міру

Малітва і пост – гэта плач, - падкрэсліў кардынал Фернанда Філоні, гаворачы пра дзейснасць гэтых духоўных практык для справы вяртання міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ён займае пасаду Вялікага Магістра Ордэна Гроба Пана ў Іерусаліме, які фінансуе касцёльныя ініцыятывы ў Святой Зямлі і апякуецца шырокай сеткай школ. Зараз жа, як паінфармаваў сам іерарх у інтэрв’ю Avvenire, арганізацыя падтрымлівае дзейнасць Лацінскага Патрыярхата Іерусаліма, накіраваную на дапамогу ахвярам цяперашняга крызісу.

Паводле кардынала Філоні, Францішак меў рацыю, запрашаючы людзей іншых рэлігій да посту і малітвы, бо Блізкі Усход – гэта рэгіён, дзе сустракаецца вялікая колькасць рэлігійных традыцый. “Нельга маўчаць у такі момант. Мы не можам гэтага дапусціць”, - сказаў ён.

“У такой складанай і драматычнай сітуацыі амаль немагчыма, каб запанаваў мір”, - з жалем заўважыў былы прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў.

Ён нагадаў, што, напрыклад, ў выпадку Ірака заклікі да міру не былі пачутыя. У выніку мы ўбачылі паслядоўнасць насілля. “Вайна там скончылася, але насілле не скончылася, мір яшчэ не наступіў”, - адзначыў кардынал Філоні, які ў 2001- 2007 гадах быў апостальскім нунцыем у гэтай блізкаўсходняй краіне.
 

28 кастрычніка 2023, 12:38