2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Юбілей цудадзейнага абраза адзначылі ў Барунах. 330 год таму абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных, які знаходзіцца ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Барунах Ашмянскага дэканату, быў прызнаны цудадзейным. З гэтай нагоды 13-14 кастрычніка 2023 года ў санктуарыі сабраліся вернікі. Праграма першага дня свята ўключала адарацыю, апэль да Маці Божай, працэсію са свечкамі і вячэрнюю святую Імшу. Назаўтра – пасля адарацыі і малітвы Ружанца – біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі.

З удзелам нунцыя і іерархаў адсвяткавалі 240-годдзе заснавання Магілёўскай архідыяцэзіі. 7 кастрычніка 2023 года, ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай, у Магілёве адбыўся VII Ружанцовы кангрэс, прысвечаны 240-годдзю Магілёўскай архідыяцэзіі, у якую ўвайшлі ўсе католікі лацінскага абраду на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі. У кангрэсе ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, прадстаўнікі беларускага епіскапату, святары і вернікі з розных дыяцэзій. Кангрэс быў прысвечаны тэме Марыя і Ружанец у дамініканскай школе малітвы.

Духавенства Віцебскай дыяцэзіі сустрэлася ў Шуміліне. 12 кастрычніка 2023 года ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай адбылося душпастырскае спатканне біскупа Алега Буткевіча са святарамі і кансэкраванымі асобамі дыяцэзіі. Удзельнікі разважалі падчас канферэнцый пра духоўнае айцоўства ў святарстве, фармацыю кансэкраванай асобы, супольна маліліся, біскуп Віцебскі цэлебраваў святую Імшу.

У Лунінцы біскуп Пінскі здзейсніў рэкансэкрацыю адноўленага касцёла. 7 верасня 2023 года ўрачыстую цэлебрацыю літургіі ў парафіі святога Юзафа ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка. У часы атэізму святыня была забрана ў парафіі, а на пачатку 1990-х гадоў дзякуючы намаганняў тутэйшых вернікаў касцёл вярнулі парафіі. Цяпер, пасля аднаўлення святыні, адбылася яе рэкансэкрацыя.

У Мінску адкрылі каталіцкі моладзевы клуб it-энтузіястаў. 12 кастрычніка 2023 года, ва успамін благаслаўлёнага італьянскага падлетка Карло Акуціса, "апостала інтэрнэту", распачаў дзейнасць Саrlo Club. Ён створаны з мэтай даць моладзі асноўныя веды на прасторы інфармацыйных тэхналогій, якія ў будучыні яны змогуць выкарыстоўваць на карысць Касцела і для дабра людзей. Арганізатарамі ініцыятывы сталі сужонкі Аліна і Максім Угорычы. Першым курсам стала навучанне асновам Android-праграмавання.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

14 кастрычніка 2023, 08:23