Арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара ў Сеуле Арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара ў Сеуле 

Арцыбіскуп Пэнья Пара здзейсніў візіт у Паўднёвую Карэю

Будзьце пастырамі і святарамі, укаранёнымі ў жыццё людзей, заўсёды адкрытымі, радаснымі і даступнымі, - заклікаў карэйскіх семінарыстаў арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

17-18 лістапада 2023 года Субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту здзейсніў візіт у Паўднёвую Карэю, падчас якога прыняў удзел у адкрыцці выставы з нагоды 60-годдзя дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Паўднёвай Карэяй, якая праходзіць у санктуарыі карэйскіх мучанікаў у Сеуле, сустрэўся з мясцовымі епіскапатам і адведаў каталіцкую духоўную семінарыю.

Падчас адкрыцця выставы ватыканскі іерарх заўважыў, што Папа Францішак уважліва сочыць за касцёльным, палітычным і грамадскім жыццём у Паўднёвай Карэі – краіне, якая “нягледзячы на складаныя, а часам і трагічныя моманты, знайшла ў сабе сілу будаваць квітнеючую будучыню для сваіх дзяцей, застаючы цвёрда прыхільнай спрыянню міру і будаўніцтву цывілізацыі любові”.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Паўднёвай Карэяй, умацаваныя ў ходзе візітаў у гэту краіну святога Яна Паўла ІІ і Францішка, а таксама на важнасць карэйскай каталіцкай супольнасці для жыцця мясцовага грамадства. Іерарх падкрэсліў, што менавіта ў Сеуле ў 2027 годзе пройдуць бліжэйшыя Сусветныя дні моладзі.

Падчас візіту ў духоўную семінарыю ў сталіцы Паўднёвай Карэі прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заклікаў будучых святароў быць укаранёнымі ў гісторыю хрысціянства на сваёй зямлі, у сведчанне шматлікіх суайчыннікаў, якія з запалам прымалі веру, у шлях народа, у якім узрасло і выспела іх пакліканне да святарства.

“Гэта ўкараненне ў канкрэтную рэчаіснасць дапаможа вам быць пастырамі, уцелаўлёнымі ў жыццё людзей, захопленымі абвяшчэннем Евангелля, адкрытымі, радаснымі і даступнымі святарамі, якія ўмеюць быць спагадлівымі, як Езус, здольнымі на блізкасць і чалавечнасць”, - дадаў ватыканскі іерарх.

Арцыбіскуп Пэнья Пара заахвоціў карэйскіх семінарыстаў натхняцца прыкладам святога Андрэя Кіма, “жыццё якога было і застаецца красамоўным сведчаннем руплівасці ў абвяшчэнні Евангелля”. “Нават пасярод цёмнай ночы пераследу, які спазнаў Карэйскі паўвостраў, радасць Евангелля разлілася, як рака, напоўніўшы гэту зямлю чыстай вадой і зрабіўшы яе ўрадлівай, нарадзіўшы хрысціянскую супольнасць, палымяную ў веры, і абудзіўшы ў душах многіх маладых людзей, такіх як вы, пакліканне ісці за Панам па шляху асаблівага прысвячэння сябе Яму”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.
 

20 лістапада 2023, 10:28