Сястра Наталі Бэкар з кардыналам Клаўдыё Гуджэроці падчас Сінода Сястра Наталі Бэкар з кардыналам Клаўдыё Гуджэроці падчас Сінода  (Vatican Media)

Сястра Бэкар пасля Сінода: змены могуць быць уведзены хутка

Намесніца сакратара (падсакратар) Сінода Біскупаў, адзначыла, што ўжо цяпер існуюць магчымасці для больш актыўнага ўдзелу свецкіх, асабліва жанчын, у жыцці каталіцкіх суполак, а таксама для змен, якія можна рэалізаваць неадкладна.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Ёсць шмат рэчаў, якія могуць быць зроблены заўтра ці ў бліжэйшы час на мясцовым узроўні. Таму ўсё, што можна рэалізаваць для ўкаранення неабходнага стылю сінадальнасці, для стварэння душпастырскіх рад, для ўключэння большай колькасці свецкіх, павінна быць зроблена на мясцовым узроўні”, - сказала манахіня ў інтэрв’ю партугальскаму агенцтву Ecclesia.

Яна падкрэсліла заклік да “большага ўдзелу жанчын у кіраўніцтве Касцёлам”, зрабіўшы сінадальнасць “спосабам быць Касцёлам сёння і ў будучыні”. “Каб заставацца вернымі абвяшчэнню Евангелля, мы павінны ўсё больш і больш станавіцца Касцёлам сінадальным, Касцёлам, у якім усе ахрышчаныя пакліканы працаваць разам як браты і сёстры ў Хрысце, быць галоўнымі героямі і служыць місіі Касцёла”, - растлумачыла Бэкар.

Яна нагадала пра заклік удзельнікаў нядаўняй (4-29 кастрычніка 2023 года) першай сесіі XVI Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў па сінадальнасці заснаваць душпастырскія рады ва ўсіх парафіях і дыяцэзіях, пашырыўшы такім чынам сферу кансультацый і ўдзелу.

На яе думку, ватыканскі сход падарыў “досвед магчымага адзінства” з улікам разнастайнасці ўдзельнікаў. “Тое, што на працягу гэтых тыдняў мы ўсе былі разам, не сварыліся, а спрабавалі выслухаць адно аднаго, зразумець пункт гледжання таго, хто не мае такой жа думкі, як мы, – гэта вельмі моцны знак”, - сказала намесніца сакратара Сінода Біскупаў, падкрэсліўшы важнасць прынятай метадалогіі “размовы ў Духу Святым”.

Яна адзначыла прысутнасць Папы Францішка, старшыні Сінода, які “большую частку часу слухаў”. Яна таксама заявіла, што сінадальная асамблея “характарызавалася здольнасцю слухаць і шырокай свабодай выказвання”.

“Мы бачылі, што існуе мноства розных пунктаў гледжання. Вельмі цікава, што такой разнастайнасці пунктаў гледжання не было паміж біскупамі з аднаго боку і не-біскупамі з другога”, - адзначыла французская манахіня-ксаверыянка.

Яна дадала, што дні правядзення асамблеі Сінода былі адзначаны рознымі канфліктамі ў свеце, у прыватнасці вайной, якая пачалася ў Святой Зямлі.

“Мы бачым, што галоўная задача сённяшняга свету, свету, падзеленага вялікай колькасцю канфліктаў і гвалту, заключаецца ў тым, каб быць знакам адзінства, будаваць шляхі прымірэння і працаваць на карысць міру”, - адзначыла сястра Бэкар.
 

07 лістапада 2023, 10:26