Нешпары ў Ганконгу з удзелам дэлегацыі Пекінскай дыяцэзіі Нешпары ў Ганконгу з удзелам дэлегацыі Пекінскай дыяцэзіі 

Біскуп Пекіна ў Ганконгу: братэрскі і канструктыўны візіт

Гэта быў братэрскі і канструктыўны візіт, за які мы ўдзячныя Пану, - так ацаніў сваё знаходжанне ў Ганконгу 13-15 лістапада 2023 года Біскуп Пекінскі Джозэф Лі Шань.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх наведаў Спецыяльны адміністрацыйны раён Кітайскай Народнай Рэспублікі на чале дэлегацыі сталічнага Касцёла па запрашэнні мясцовага біскупа, кардынала Стывена Чоў Саў-яна.

“Мы шмат чаму навучыліся з развіцця вашага Касцёла і хацелі б выкарыстаць ваш вопыт для росту каталіцкай супольнасці ў нашай краіне”, - сказаў госць з мацерыковага Кітая.

Дыяцэзіяльны штотыднёвік Kung Kao Po, падсумоўваючы падзею, працытаваў выказванне біскупа Лі, які падчас святой Імшы ў мясцовай катэдры Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі падзякаваў ад усяго сэрца “Пану, кардыналу і братам і сёстрам з Ганконга за тое, што яны зрабілі магчымым гэты абмен”, а таксама за тэалагічную канферэнцыю, арганізаваную з нагоды візіту. У той жа час ён заахвоціў духавенства, кансэкраваных і свецкіх асоб “заставацца вернымі і поўнымі ўдзячнасці Пану, заўсёды праслаўляючы Бога”, не зважаючы на цяжкасці, якія могуць узнікнуць.

Падчас тэалагічнай канферэнцыі, якая насіла назву Сінадальнасць і Касцёл у Кітаі: супольнасць, удзел і місія, спасылаючыся на свой досвед удзелу ў кастрычніцкай сесіі Сінода, кардынал Чоў адзначыў, што “галоўнай фігурай сінадальнасці з’яўляецца Дух Святы, і людзі павінны больш прыслухоўвацца да Яго, чым спрабаваць весці Касцёл дэмакратычным шляхам”.

Нагадаем, біскуп Лі Шань у цяперашні час з'яўляецца старшынёй падкантрольнай ураду Патрыятычнай асацыяцыі кітайскіх католікаў.
 

20 лістапада 2023, 10:58