Ліст чатырох жанчын: у Германіі ігнаруюць лінію Святога Пасада
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Яна з’яўляецца адной з чатырох жанчын, якія адмовіліся ад удзелу ў нямецкім Сінадальным шляху, убачыўшы ў ім пагрозу расколу Касцёла ў Германіі, і ў пачатку лістапада падзяліліся сваёй заклапочанасцю са Святым Айцом. Францішак неадкладна адказаў на іх ліст.
Прафесар Вестэрхорстман сказала Vatican News, што яна і яе паплечніцы вырашылі пайсці на такі крок, паколькі ў іх склалася ўражанне, што Касцёл у Германіі ігнаруе паслядоўныя ўказанні Апостальскай Сталіцы. “Мы палічылі, што гэта наш абавязак як свецкіх і як жанчын у Касцёле”, - сказала нямецкі тэолаг. Яна прызналася ў здзіўленні хуткім адказам Папы, усяго праз два дні, і яснасцю і асабістай зацікаўленасцю ў тоне ліста Францішка. “Відавочна, што для яго гэта важная тэма”, - заўважыла Вестэрхорстман.
Яна запэўніла, што аўтаркі ліста не ўяўляюць сабой ніякай групы і не маюць агульных планаў на будучыню. Ні епіскапат Германіі, ні ЦК нямецкіх католікаў не адрэагавалі на іх занепакоенасць, і не запрасілі іх вярнуцца да дыялогу.
“Адзінае, што я магу сказаць, – буду працягваць рабіць усё, што ў маіх сілах, каб Касцёл мог выконваць сваю місію, каб як католікі мы маглі рабіць тое, да чаго мы пакліканы, індывідуальна і як супольнасць”, - падкрэсліла тэолаг.
Яна таксама паведаміла, што перад публікацыяй папскага ліста адрасаты пераканаліся ў тым, што Францішак сапраўды гэтага жадае. Жанчыны таксама не разумеюць абвінавачванняў у свой адрас у тым, што гэта ініцыятыва спрыяе падзелу ў Касцёле.
У лісце тэолагі Катарына Вестэрхорстман і Марыяна Шлосер, журналістка Даратэя Шміт і філосаф Ханна-Барбара Герл-Фалькавіц выказалі заклапочанасць існуючымі канфліктамі і разыходжаннямі ў поглядах адносна будучыні Касцёла ў Германіі. Яны спадзяюцца на тое, што іх ліст стане імпульсам, які паспрыяе захаванню адзінства.