Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Навагрудку праходзіць малітоўны кангрэс у абарону жыцця. 3-6 лістапада 2023 года пры мясцовай парафіі святога Арханёла Міхала сабраліся ўдзельнікі малітоўных рухаў, сем’і на Трэці малітоўны кангрэс у абарону жыцця. Праграма ўключае навуковыя даклады, сведчанні абаронцаў жыцця, пілігрымку з белымі крыжамі ў касцёл ва Уселюбе, дзе знаходзіцца фігура Маці Божай Новага Жыцця. Найбольш важным момантам стане святая Імша з урачыстым Актам пакаяння за грахі супраць жыцця і сям’і. Увечары ў суботу Эўхарыстыю будуць цэлебраваць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і старшыня беларускага епіскапату біскуп Алег Буткевіч.
У Магілёве і Гродне біскупы цэлебравалі Эўхарыстыю ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў. 2 лістапада 2023 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзначаліў цэлебрацыю ў магілёўскай катэдры. У гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што ў Бога пераважае міласэрнасць, і што чысцец існуе менавіта для таго, каб у ім многія грэшнікі маглі знайсці заслужанае пакаранне і адначасова збаўленне ад вечнага пакарання. А ў гродзенскай катэдры арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч засяродзіўся на тым, што святы ўсіх святых і ўсіх памерлых узаемна дапаўняюць адно аднаго: разбураюць бар’ер, які аддзяляе зямное жыццё ад вечнасці, дазваляюць лепей спацігнуць праўду веры ў еднасць святых.
Сустрэча груп Апостальства дапамогі душам чысцовым адбылося ў Браславе. 28 кастрычніка 2023 года ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў сабраліся ўдзельнікі груп Апостальства, якія дзейнічаюць у парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі ён адзначыў, што варта ўспрымаць жыццёвыя цяжкасці не як пакаранне, а як выпрабаванне, і імкнуцца зразумець, для чаго Пан Бог іх спасылае.
7-годдзе Радыё Марыя адзначылі ў Мінску з удзелам біскупаў. 31 кастрычніка 2023 года ў катэдральным касцёле сабралася рэдакцыя беларускага Радыё Марыя з нагоды чарговай гадавіны свайго заснавання. Урачыстая святая Імша адбылася з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, дапаможнага біскупа Юрыя Касабуцкага, Апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, дырэктара Радыё Марыя ксяндза Аляксандра Фаміных. У інтэнцыі развіцця радыё таксама маліліся шматлікія госці, валанцёры, слухачы і супрацоўнікі.
З нагоды Дня бедных у Баранавічах правялі мерапрыемства для патрабуючых. 29 кастрычніка 2023 года ў парафіі Маці Божай Фацімскай ужо ў сёмы раз сустрэчу для патрабуючых арганізавалі сёстры місіянеркі Святой Сям’і сумесна з вернікамі парафіі. Патрабуючых жыхароў горада запрасілі на святую Імшу, пасля якой адбылося благаслаўленне фігуры святога Роха. Прысутныя прасілі заступніцтва святога, каб ратаваў грамадства ад хваробы абыякавасці і адасобленасці. Праграму свята працягнулі спевы, танцы і пачастунак.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.