Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У гродзенскай катэдры памаліліся з удзелам біскупаў за спачылых святароў. 3 лістапада 2023 года тут адбылася Эўхарыстыя ў інтэнцыі спачылага духавенства дыяцэзіі. На Імшы сабраліся канонікі катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра, іншыя святары, сёстры законныя і вернікі. Літургію ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч i прэзбітэры. Мясцовы ардынарый падкрэсліў, што малітва – гэта найцудоўнейшы выраз клопату аб памерлых.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзяў удзел у круглым стале па абмеркаванні новага закону аб рэлігійных арганізацыях. 3 лістапада 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў парламент, дзе за круглым сталом сабраліся дэпутаты, дзяржслужачыя і прадстаўнікі вядучых канфесій і рэлігій краіны. Арцыбіскуп Станеўскі папрасіў парламентарыяў звярнуць увагу на некаторыя пытанні, якія маюць прынцыповае значэнне для каталіцкіх вернікаў і якія могуць яшчэ знайсці нарматыўнае вырашэнне ў канчатковай версіі Закона аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях.
Малітва канонікаў Мінскага катэдральнага капітула за спачылых святароў прайшла ў нетрадыцыйным месцы – ракаўскім касцёле. Змена месца сустрэчы канонікаў ў актаву малітваў за памерлых была прадыктавана ўшанаваннем памяцці аб спачылым субраце, ксяндзу каноніку Дзмітрыю Барыле, шматгадовым пробашчы парафіі ў Ракаве. 8 лістапада 2023 года цэлебрацыю святой Імшы ў ракаўскай святыні ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і прысутныя святары.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў пляц каля зачыненага Чырвонага касцёла ў Мінску. 3 лістапада 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі памаліўся каля ўваходу ў святыню і суцешыў пастырскім словам вернікаў парафіі святога Сымона і святой Алены, якія прыбіралі восеньскае лісце каля свайго апусцелага касцёла. Святыня зачынена ўжо больш за год па патрабаванні ўладаў, якія плануюць праводзіць у касцёле рамонтныя працы. Афіцыйна паведамлялася, што іх пачатак запланаваны ў 2024 годзе.
Баль Усіх Святых прайшоў у смаргонскай парафіі. Святочнае мерапрыемства 5 лістапада 2023 года стала для дзяцей, бацькоў і іншых парафіянаў магчымасцю даведацца пра многае з жыцця святых і пра іх шлях да дасканаласці. Дзеці выконвалі ролі святых – Маці Божай, Юзафа, Пятра, Уршулі, Блажэя, Марыі Гарэцці, Арханёла Міхала – і распавядалі пра нябеснага заступніка, тлумачылі, чаму ён ім блізкі. Ролю святога Яна Паўла ІІ, апекуна парафіі, выканаў яе пробашч ксёндз Яўген Учкуроніс.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.