Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Іерархі звярнуліся з пасланнямі на урачыстасць Нараджэння Пана. У прыватнасці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі запрасіў вернікаў да актыўнага ўдзелу ў святах Божага Нараджэння, каб пісаць уласным жыццём своеасаблівае "пятае Евангелле" праз учынкі міласэрнасці, несці вестку пра тое, што Бог і сёння прыходзіць да чалавека, "туды, дзе яе ніхто не чакае, на перыферыю чалавечага існавання".
У Мінску прайшло адвэнтавае чуванне моладзі. У ноч з 16 на 17 снежня 2023 года ў катэдральным касцёле сабраліся юнакі і дзяўчаты з розных куткоў краіны. Распачалося чуванне святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, праграму працягнулі дзяленне аплаткай, малітва псальмамі, канферэнцыя на тэму надзеі, набажэнствы, адарацыя.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзяліўся аплаткай з беднымі ў Гродне. 21 снежня 2023 года на сустрэчы для бедных, бяздомных i маламаёмных сабралося звыш 100 чалавек. Разам з біскупам Гродзенскім і святарамі ў перадкаляднай сустрэчы таксама ўдзельнічаў пастар лютэранскай супольнасці Уладзімір Татарнікаў. Абед для ўдзельнікаў прыгатавалі сёстры назарэтанкі разам з валанцёрамі пры падтрымцы Caritas.
Здзейснены напад на касцёл у Смаргоні. У ноч на 21 снежня 2023 года мясцовы жыхар уварваўся на тэрыторыю парафіі Святога Арханёла Міхала і з праклёнамі ў адрас святароў і Касцёла стаў наносіць удары цяжкім прадметам па машынах, разбіў фігуру Маці Божай, адарваў металічны крыж ад фігуры Міхала Арханёла. Пробашч парафіі ксёндз Артур Ляшнеўскі выклікаў міліцыю, якая затрымала мужчыну – узбуджана крымінальная справа за хуліганства. Паводле пробашча, парафіяне будуць маліцца аб пакаянні вандала, а перад зганьбаванымі святынямі адбудзецца набажэнства перапрашэння.
Аплаткавая сустрэча медыкаў з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага прайшла ў Бараўлянах. 15 снежня 2023 года ў мясцовай парафіі з супрацоўнікамі службы аховы здароўя аплаткай дзяліўся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Іерарх выказаў падзяку лекарам і ўсім, хто клапоціцца аб здароўі чалавечага цела, а таксама адзначыў, што ў працы лекараў "ёсць дзеянне Духа Святога: гэта не залежыць ад таго, веруючы чалавек ці не, але пэўнае слова, якое злучаецца з пратаколам лячэння, можа даць палёгку – гэта нібы голас Божы, які гучыць з вуснаў чалавека".
Тром каталіцкім святыням нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. 18 снежня 2023 года рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прыняла рашэнне аб наданні такога статусу касцёлу святога Лаўрэнція ў гарадскім пасёлку Ушачы і касцёлу святога апостала Андрэя ў мястэчку Лынтупы (абодва – пачатку XX стагоддзя), а таксама – капліцы святога Яна Хрысціцеля другой паловы XVIII стагоддзя паблізу вёскі Краснаазёрнае Смаргонскага раёну.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.