Прэзідэнт В'етнама Во Ван Тхуонг сустракаецца з Канферэнцыяй Біскупаў В'етнама Прэзідэнт В'етнама Во Ван Тхуонг сустракаецца з Канферэнцыяй Біскупаў В'етнама 

В’етнам: клімат для Касцёла значна лепшы – чаканні візіту Папы

Нядаўні ліст Францішка да нашага Касцёла пасля падпісання пагаднення паміж Святым Пасадам і ўрадам у Ханоі прынёс шмат радасці вернікам, - прызнаўся Луіс Нгуен Ань Туен, біскуп Хацінь на поўначы В’етнама.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У кастрычніку 2023 года іерарх удзельнічаў у пасяджэнні Сінода Біскупаў па сінадальнасці ў Ватыкане. У інтэрв'ю італьянскаму місіянерскаму агенцтву AsiaNew ён адзначыў, што Папа ўпершыню звярнуўся наўпрост да вернікаў, якія "цяпер чакаюць магчымасці прыняць яго ў сябе на Радзіме, таму што ліст мае такі падтэкст".

Пра змест вышэйзгаданага паслання да каталіцкай супольнасці В’етнама Зала Друку паведаміла 29 верасня 2023 года – праз два месяцы пасля таго, як 27 ліпеня Святы Пасад і ўрад у Ханоі падпісалі пагадненне аб статусе пастаяннага папскага прадстаўніка і яго рэзідэнцыі ў В'етнаме.

63-гадовы біскуп прызнаўся, што ў апошнія гады клімат для Касцёла ў яго краіне значна палепшыўся. Ён адзначыў, што сумесная рабочая група, якая складаецца з прадстаўнікоў Святога Пасада і в’етнамскага ўрада, “працавала вельмі цярпліва” на працягу многіх гадоў.

Адказваючы на пытанне, ці шлях, абраны В’етнамам, можа стаць узорам для ватыканска-кітайскіх адносін, біскуп Хацінь нагадаў, што пра гэта кітайцам гаварыў сам Папа, але, па словах іерарха, сітуацыя ў абедзвюх краінах адрозніваецца. Ён растлумачыў, што Кітай — вельмі вялікая краіна, у яе моцны ўрад, які хоча ўсё кантраляваць, а в'етнамскія ўлады маюць патрэбу ў свеце і шукаюць эканамічнай дапамогі ў іншых краін.

“Гэта азначае, што В'етнам на дадзены момант з'яўляецца адкрытай для свету краінай і давярае католікам, у той час як у Кітаі гэта не так”, - растлумачыў суразмоўца агенцтва. Ён адзначыў, што двое кітайскіх дэлегатаў на нядаўнім Сінодзе Біскупаў павінны былі атрымаць дазвол ад свайго ўрада на паездку, а в’етнамцы могуць перамяшчацца свабодна, хоць ён прызнаў, што такія дазволы патрабаваліся некалькі гадоў таму і ў яго краіне. “Гэта прынцыповая розніца”, - падкрэсліў біскуп. На яго думку, менавіта з гэтай прычыны Францішак указаў на В’етнам як на мадэль, але “Кітаю будзе нялёгка прытрымлівацца гэтага прыкладу з прычыны іншага кантэксту”.
 

12 снежня 2023, 10:48