Аўдыенцыя для Архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі Аўдыенцыя для Архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі  (Vatican Media)

Каталіцкія і англіканскія іерархі сустрэліся ў Рыме

На заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян у Рыме прайшла сустрэча з удзелам 50-ці англіканскіх і каталіцкіх біскупаў. Увечары 25 студзеня 2024 года яны маліліся разам са сваімі прадстаяцелямі ў базіліцы святога Паўла за Мурамі.

Ян Глінскі

Гэтая падзея “паказвае, як шмат было зроблена на працягу амаль 65 гадоў пасля Другога Ватыканскага Сабору: (раней) мы былі падзелены на працягу вякоў”, – адначыў у размове з Vatican News архіепіскап Іэн Эрнэст, прадстаўнік Англіканскай Царквы ў Рыме.

Як падкрэсліў іерарх, малітва ў рымскай базіліцы стала хвілінай еднасці паміж рэлігійнымі лідарамі, а таксама “сведчаннем для свету, што, нягледзячы на шматвекавыя падзелы, сёння мы можам быць разам”. На думку архіепіскапа, святы Павел мае вялікае значэнне для ўсяго Касцёла: “Ён быў місінерам народаў, прывёў Касцёл да быцця жывой установай, якая абвяшчае Добрую Навіну Езуса Хрыста, перадае сваё пасланне, каб свет перамяніўся і жыў у Валадарстве Божым”.

Экуменічныя нешпары сталі чарговым крокам у доўгім і плённым супрацоўніцтве паміж Рымам і Кентэрберы. У гэты ж дзень архіепіскап Уэлбі разам са сваёй сужонкай былі таксама прынятыя Папам на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

“Падчас папярэдняга візіту ў Рым у верасні мінулага года ён сказаў, што мы жывём у разгар экуменічнай вясны”, - заўважыў архіепіскап Эрнэст, адзначыўшы пры гэтым, што быў сведкам развіцця сяброўства паміж Папам Францішкам і Архіепіскапам Кентэрберыйскім. “Яны развіваліся разам, бо былі прызначаны на свае пасады ў той самы год, і кожны з іх павінен быў адказваць на розныя выклікі, звязаныя з роляй кіраўніка, – прыгадаў прадстаўнік Англіканскай Царквы ў Рыме. – Яны мелі патрэбу ў моцных повязях сяброўства, узаемнага даверу і ўзаемнага прызнання”.
 

26 студзеня 2024, 08:48