У Нікарагуа атрымалі пасвячэнне новыя святары
Марыя Валодзіна - Vatican News
6 студзеня 2024 года ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана кардынал Леапольда Брэнэс удзяліў у сталічнай архідыяцэзіі Нікарагуа прэзбітэрскае пасвячэнне дзевяці дыяканам. У цырымоніі, якая праходзіла ў катэдральным саборы Манагуа з радасцю і хваляваннем прынялі ўдзел шматлікія вернікі.
У сваёй гаміліі іерарх падзякаваў Богу за "цудоўны дар" – новых святароў. Ён падкрэсліў, што святарства – гэта "не ўлада, а місія і служэнне", а святары – гэта сведкі, закліканыя "жыць у адзінстве і братэрстве".
Новая хваля арыштаў
Новыя святары былі пасвечаны ў складаны для нікарагуанскага Касцёла час. Пачынаючы з 20 снежня 2023 года ў краіне былі арыштаваныя па меншай меры 14 святароў, два семінарысты і біскуп Сіуны Ісідор дэль Кармэн Мора Артэга. Апошні гвалтоўна знік пасля малітвы за мансеньёра Раланда Альварэса, біскупа Матагальпы і апостальскага адміністратара дыяцэзіі Эстэлі. Асуджаны на 26 гадоў турэмнага зняволення, біскуп Альварэс знаходзіцца ў турме з лютага 2023 года.
У касцёльнай супольнасці Манагуа расце заклапочанасць лёсам затрыманых святароў, асабліва тых, хто мае праблемы са здароўем: ксяндза Ізмаэля Сэрана і ксяндза Гэрарда Радрыгеса, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе.
Зварот ААН да ўрада Нікарагуа
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў Цэнтральнай Амерыцы звярнулася да ўрада Нікарагуа з новым заклікам тэрмінова паведаміць пра месцазнаходжанне біскупа Ісідора Моры. “Утойванне гэтай інфармацыі ставіць пад пагрозу яго жыццё", - гаворыцца ў звароце.
На думку Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, Нікарагуа ўсё больш аддаляецца ад вяршэнства закона і фундаментальных свабод, пераследуючы "палітычных лідараў і лідараў карэнных народаў, членаў Каталіцкага Касцёла, актывістаў і журналістаў".
Малітва Францішка
1 снежня 2024 года, падчас малітвы Анёл Панскі, Папа прызнаўся ў сваёй заклапочанасці сітуацыяй у Нікарагуа. “Я з глыбокай заклапочанасцю сачу за тым, што адбываецца ў Нікарагуа, дзе пазбаўляюць волі біскупаў і святароў. Выказваю ім, іх сем'ям і ўсяму Касцёлу ў краіне маю блізкасць у малітве. Запрашаю таксама ўсіх вас, прысутных тут, і ўвесь народ Божы да настойлівай малітвы, спадзеючыся на тое, што мы заўсёды будзем шукаць шляху дыялогу для пераадолення цяжкасцей. Сёння мы молімся за Нікарагуа”, - сказаў Францішак.
Нікарагуанскія ўлады да гэтага часу не пацвердзілі і не абверглі інфармацыю аб затрыманні духавенства.