У Партугаліі пасля СДМ палепшыўся імідж Касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як распавяла агенцтву KAI Мануэла Араужо з парафіі Маці Божай Фацімскай у Лісабоне, пасля заканчэння форуму “мы бачым большую прыхільнасць да католікаў у Партугаліі”.
З такім меркаваннем згодна і Ана Сілва са сталічнай парафіі святога Тамаша Аквінскага, якая адзначыла, што арганізацыя мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел звыш мільёна католікаў з усяго свету і Папа Францішак, прынесла карысць не толькі Каталіцкаму Касцёлу, але і многім установам. “Поспех Сусветных дзён прызнаюць розныя групы насельніцтва Партугаліі, у першую чаргу тыя, хто заняты ў турыстычным сектары, які атрымаў рэкордныя даходы”, - сказала яна.
Паводле ацэнак партугальскага ўрада, у 2023 годзе турыстычная галіна краіны паказала лепшыя фінансавыя вынікі за ўсю сваю гісторыю. Па словах дзяржсакратара па турызме Нуну Фасенды, у мінулым годзе абарот турыстычнага сектара Партугаліі склаў 25 мільярдаў еўра, што на 37 працэнтаў больш, чым у 2019 годзе, які да гэтага часу лічыўся рэкордным. Яна прызнала, што на рэкордны вынік вялікі ўплыў аказала арганізацыя Сусветных дзён моладзі.