Украінскі біскуп: людзі працягваюць давяраць Богу
Марыя Валодзіна - Vatican News
У інтэрв’ю Vatican News біскуп Язлавецкі так пракаментаваў масіраваны ракетны ўдар, нанесены па Украіне 29 снежня 2023 года, у выніку якога загінула 40 чалавек: “Шмат людзей прачнулася ад вельмі моцных выбухаў”, - сказаў ён, заўважыўшы, што на гэты раз "усе зразумелі, што досыць даўно не было такога моцнага абстрэлу".
Біскуп Язлавецкі адзначыў, што паводле падлікаў украінскіх СМІ, на ракетны абстрэл было выдаткавана 1,27 мільярдаў долараў. "Уявіце, колькі сродкаў на гэта пайшло. Дзеля чаго? Дзеля тэрору, запалохвання, прыгнёту людзей", - падкрэсліў ён. "Як вядома, ва Украіне паведамляюць толькі пра загінулых грамадзянскіх асоб, але гінуць і вайскоўцы, і людзі, якія працуюць на ваенных прадпрыемствах. Страты ёсць па ўсёй Украіне. Цяжка нават казаць пра гэта", - дадаў іерарх.
Іерарх распавёў пра дапамогу насельніцтву ў нястачы, якую аказваюць аддзяленні Caritas Рыма-Каталікага Касцёла і Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Разам з буйнымі дзяржаўнымі і дабрачыннымі арганізацыямі яны ўдзельнічаюць у аднаўленні памяшканняў для пацярпелых ад абстрэлаў у той ці іншай мясцовасці. “Вядома, гэта кропля ў моры. Як бачыце, разбурэнні адбываецца зноў і зноў. Але кропля за кропляй, і мы падтрымліваем гэтых людзей, даем ім надзею”, - сказаў біскуп Язлавецкі.
Іерарх дадаў, што мясцовы Caritas працягвае раздаваць прадукты харчавання, медыцынскія ваўчары, падтрымлівае дзейнасць сацыяльных кухняў у розных населеных пунктах. Гэта магчыма дзякуючы падтрымцы міжнароднай сетцы Caritas. Ён падкрэсліў, што гуманітарнай дапамогі, якую раней прывозілі вялікімі грузавікамі, стала значна менш. Таму Caritas і іншыя дабрачынныя арганізацыі “атрымліваюць фінансавую падтрымку і ўжо на месцы купляюць патрэбныя рэчы, раздаюць або сартуюць, глядзяць, каму трэба дапамагчы”, - растлумачыў біскуп Язлавецкі.
На думку біскупа, украінцы працягваюць давяраць Богу і трымацца Яго. Сведчаннем гэтага з'яўляюцца перапоўненыя на свята Божага Нараджэння храмы. “Тое, што касцёлы перапоўненыя, сведчыць аб тым, што нашы людзі працягваюць давяраць Богу і трымацца Яго, працягваюць маліцца. І гэта галоўнае. Таму што Украіну мы патроху адбудуем, але калі страціць Бога, то знайсці Яго потым вельмі цяжка”, - сказаў дапаможны біскуп Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі.