Буркіна-Фасо: у выніку тэракта падчас Імшы загінулі 15 чалавек
Марыя Валодзіна - Vatican News
Па папярэдніх даных, 15 чалавек былі забітыя падчас нападу тэрарыстаў на каталіцкую супольнасць у мясцовасці Эсаканэ ў Буркіна-Фасо. Пра гэта паведаміў біскуп дыяцэзіі Дары, мансеньёр Ларан Біфурэ Дабір.
Дванаццаць пацярпелых загінулі на месцы, трое памерлі ў выніку атрыманых раненняў, два чалавекі былі параненыя. Паводле мясцовых СМІ, тэрарыстычны акт быў здзейснены ўзброенымі баевікамі ў касцёле ў Эсаканэ.
“У гэтых балючых абставінах мы просім вас маліцца аб вечным спачыне для тых, хто памёр у веры, аб вылячэнні параненых і аб суцяшэнні журботных сэрцаў. Мы таксама молімся аб навяртанні тых, хто працягвае сеяць смерць і спусташэнне ў нашай краіне. Няхай нашы малітвы і пакаянне ў гэты перыяд Вялікага посту прынясуць мір і бяспеку нашай краіне, Буркіна-Фасо", - напісаў біскуп Дабір.