На Гаіці выкрадзеныя шэсць законнікаў і святар
Марыя Валодзіна - Vatican News
Раніцай 23 лютага 2024 года на Гаіці былі выкрадзены шэсць братоў Найсвяцейшага Сэрца, якія накіроўваліся для служэння ў школу Яна XXIII (École Jean XXIII).
"Мы молімся аб іх вызваленні і аб спыненні гэтай чумы неабароненасці", - напісалі ў сваёй заяве мясцовыя святары і кансэкраваныя асобы, падкрэсліваючы, што школа Яна XXIII – адзіная, якая ўсё яшчэ працуе ў цэнтры сталіцы, у зоне высокай рызыкі.
Акрамя таго, з капліцы Маці Божай Фацімскай у Порт-о-Прэнсе быў выкрадзены святар, які цэлебраваў там Святую Імшу.
20 лютага 2024 года ватыканская газета L’Osservatore Romano паведаміла аб раненні намесніка старшыні біскупскай канферэнцыі Гаіці, біскупа дыяцэзіі Анс-а-Ву і Мірагоана П’ера-Андрэ Дзюма. Ён быў паранены ў выніку выбуху, які адбыўся ў доме, дзе ён спыніўся падчас свайго візіту ў Порт-о-Прэнс. Біскуп Дзюма перанёс дзве хірургічныя аперацыі і неўзабаве будзе пераведзены ў шпіталь у Маямі.
На Гаіці склалася вельмі сур'ёзная сітуацыя, выкліканая моцнай палітычнай нестабільнасцю. Паліцыя не ў стане супрацьстаяць узброеным бандам, якія дэстабілізуюць грамадскі парадак, асабліва ў сталіцы. Святары і кансэкраваныя асобы часта становяцца ахвярамі выкрадальнікаў, упэўненых у тым, што гаіцянскі Касцёл здольны заплаціць выкуп. Апошняе выкраданне адбылося ў студзені 2024 года. Тады ў заложнікі былі ўзятыя шэсць законніц з кангрэгацыі Сясцёр святой Ганны. Падчас малітвы Анёл Панскі, якая прайшла 21 студзеня 2024 года ў Ватыкане, Францішак прасіў аб грамадскай згодзе ў гэтай краіне і заклікаў усіх “пакласці канец гвалту, які прыносіць шмат пакут гэтаму дарагому народу”.