Пошук

Бежанцы ў Буркіна-Фасо. Ілюстрацыйнае фота Бежанцы ў Буркіна-Фасо. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік асудзіў кровапраліцце ў Буркіна-Фасо і заклікаў да міру

Францішак выказаў засмучанасць у сувязі з трагічнымі тэрарыстычнымі нападамі на касцёл і мячэць у Буркіна-Фасо, у выніку якіх загінулі людзі. Ён заклікаў да павагі месцаў культу і прасоўвання мірных каштоўнасцяў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У нядзелю, 25 лютага 2024 года, тэрарысты напалі на каталіцкую супольнасць у мясцовасці Эсаканэ, на поўначы Буркіна-Фасо. У той жа дзень тэракт у мячэці ў Націабаані, на ўсходзе краіны, унёс яшчэ дзясяткі жыццяў.

У тэлеграме на імя біскупа Ларана Дабіра, старшыні Канферэнцыі Біскупаў Буркіна-Фасо і Нігера, Францішак пацвердзіў сваю цвёрдую перакананасць у тым, што "нянавісць не з'яўляецца рашэннем канфліктаў".

Папа выказаў глыбокае спачуванне ў сувязі з гібеллю людзей і блізкасць да сем'яў ахвяр. Святы Айцец моліцца пра спачын памерлых, "даручаючы іх Божай ласцы, а таксама пра вылячэнне параненых", - гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна.

Францішак заклікаў паважаць месцы культу і змагацца з гвалтам “у мэтах прасоўвання каштоўнасцяў міру". Завяршаецца тэлеграма заклікам Божага благаслаўлення для сыноў і дачок Буркіна-Фасо і ўсёй нацыі ў цэлым.

27 лютага 2024, 10:33