Сястра Хэлен Элфард Сястра Хэлен Элфард 

Cтаршыня Папскай акадэміі: да Касцёла ўсё больш прыслухоўваюцца

На тэлеканале TV2000 выйшла інтэрв’ю з старшынёй Папскай акадэміі сацыяльных навук, дэканам факультэта сацыяльных навук Папскага ўніверсітэта імя святога Тамаша Аквінскага ў Рыме, сястрой Хэлен Элфард.

Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пытанне аб тым, ці даходзіць да знешняга свету пасланне Каталіцкага Касцёла па сацыяльных пытаннях, ці чуюць яго па-за межамі Касцёла, яна адказала, што ў наш час да каталіцкага сацыяльнага вучэння прыслухоўваюцца больш чым у мінулым. Гэта адбываецца таму, што людзі адчуваюць крызіс: неабходна знайсці новыя рэсурсы, новыя ідэі для таго, каб выйсці з таго, што яна назвала полікрызісам – экалагічным, сацыяльным, фінансавым, эканамічным.

У галіне эканомікі, падзялілася англійская дамініканка, да крызісу 2008 года, ніхто не быў зацікаўлены ў яе думках, пасля 2008 года сястру Элфард пачалі запрашаць на шматлікія форумы, таму што прыйшло разуменне таго, што, магчыма, Касцёл з яго мільярдам вернікаў можа сказаць нешта карыснае.

Першая сацыяльная энцыкліка Rerum Novarum выйшла ў свет у час, калі ён яшчэ быў аграрным. Ці падрыхтаваны Касцёл да грамадскіх выклікаў сённяшняга часу, запыталася журналістка. Манахіня адказала, што Касцёл заўсёды ішоў у нагу з часам, энцыклікі, вучэнне не толькі Пантыфікаў, але і біскупаў, і іншых касцёльных асоб, заўсёды імкнулася адлюстроўваць перамены, якія адбываюцца ў грамадстве. Яны могуць быць вельмі карыснымі, калі іх ведаць і вывучаць, лічыць старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук. У якасці прыкладу яна прывяла энцыкліку Laudato si', якая значна паўплывала на парыжскае пагадненне па клімаце, на мэты ўстойлівага развіцця ААН і іншыя рашэнні ў галіне экалогіі.

У чым заключаецца сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла, запыталася журналістка. Сястра Элфард падагульніла яго так: неабходна будаваць наш фантастычны свет, поўны магчымасцей, тэхналогіі, культуры, вакол чалавека, ставячы ў цэнтр чалавечую асобу, таму што менавіта яна павінна расці і развівацца. Калі гэта рабіць, знойдзецца месца для ўсіх і кожнага. Гісторыя вучыць нас на такіх прыкладах, як прафсаюзны рух ці польскі рух Салідарнасць, што сумеснымі і салідарнымі намаганнямі магчыма змяніць сітуацыю, заканадаўства, вырашаць вялікія праблемы сучаснасці.

Інтэрв'ю сястры Хэлен Элфард тэлеканалу TV2000

Ці актуальна ўсё яшчэ філасофская думка Тамаша Аквінскага, спытала Моніка Монда. Сястра Элфард адказала станоўча. У тым, што тычыцца сацыяльных навук, - эканомікі, сацыялогіі, антрапалогіі, псіхалогіі і гэтак далей, кожная з іх мае сваё бачанне свету. Рэальныя ж праблемы свету патрабуюць агульнага рамачнага падыходу, які б аб’ядноўваў усе гэтыя думкі. Па словах навукоўцы, адным з такіх рамачных падыходаў з’яўляецца тамізм.

На пытанне аб тым, як выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, штучны інтэлект, не становячыся іх рабамі, сястра Элфард, інжынер з кембрыджскім дыпломам, адказала, што ШІ неабходна разглядаць у рамках тэхналагічнага развіцця, якое заўсёды суправаджала чалавецтва. Гісторыя тэхнікі, такія тэхналагічныя прарывы як электрычнасць, паравыя рухавікі, могуць многаму навучыць нас: таму што праблемы паўтараюцца.

Як кажуць навукоўцы, у галіне тэхналогій і ШІ, у нас ёсць два шляхі: першы заключаецца ў тым, каб паставіць у цэнтр чалавека, яго жыццё, інтэграваць тэхніку ў наш лад жыцця, каб яна дапамагала зрабіць дзейнасць чалавека больш прадуктыўнай, прыгожай і цікавай. Другі шлях – які дамінуе з часоў прамысловай рэвалюцыі – ставіць у цэнтр машыну, тэхнацэнтрычны падыход. Развіццё ШІ, на жаль, ідзе па гэтай дарозе.

Аднак, на думку сястры Элфард, тэхналогія знаходзіцца ў нашых руках, мы не падпарадкоўваемся ёй, і тыя, хто займаецца развіццём тэхналогій нясуць адказнасць за тое, каб рабіць гэта паважаючы навакольнае асяроддзе, чалавека, як гэта адбываецца з экалагічна чыстымі, зялёнымі, тэхналогіямі. У тэхналагічным прагрэсе неабходна заўсёды прытрымлівацца гэтай лініі, - адзначыла старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук у інтэрв'ю.
 

27 лютага 2024, 11:47