Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Беларускія біскупы выказалі пазіцыю па дэкларацыі Fiducia supplicans. Біскупская канферэнцыя 1 лютага 2024 года апублікавала паведамленне адносна дэкларацыі, у якім адзначаецца, што Касцёл у Беларусі не мае намеру ўводзіць у практыку прапанаваную магчымасць благаслаўлення пар, якія жывуць у нерэгулярным саюзе, і аднаполых пар. У звароце да святароў іерархі адзначылі, што "заўсёды неабходна пазбягаць удзялення благаслаўлення парам, якія жывуць у так званым "грамадзянскім шлюбе", а таксама тым, хто жыве ў кананічна нядзейсным сужэнстве або аднаполым парам".
У Мінску адзначылі 10-годдзе біскупскага пасвячэння Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. З гэтай нагоды арцыбіскуп Юзаф Станеўскі узначаліў 1 лютага 2024 года цэлебрацыю святой Імшы ў мінскай катэдры. У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч і ўсе каталіцкія біскупы Беларусі. Прадстаўнік Папы Францішка ад яго імя падзякаваў Мітрапаліту і двум іншым біскупам-юбілярам – Алегу Буткевічу і Юрыю Касабуцкаму – "за руплівасць і адвагу ў абвяшчэнні праўды Хрыстовага Евангелля", уручыў ім памятныя медалі Святога Айца.
У Будславе праходзіць малітоўная сустрэча на чале з біскупам Юрыем Касабуцкім. 3 лютага 2024 года ў Нацыянальным санкутарыі сустрэчу ў межах Года падзякі Маці Божай і малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса праводзяць духавенства і вернікі Мядзельскага дэканату. Сустрэча прысвечана сёмай Божай запаведзі – Не крадзі. У праграме – святая Імша, набажэнствы, канферэнцыя.
У Беларусі зацвердзілі новую эвангелізацыйную супольнасць. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч зацвердзіў і падпісаў статут супольнасці Эхад, якая на працягу шасці гадоў дзейнічае пры катэдральнай парафіі ў Гродне, а цяпер атрымала афіцыйны статус у Касцёле. Асноўны напрамак дзейнасці супольнасці – эвангелізацыя і духоўнае развіццё яе членаў, сяброў і гасцей сустрэч, якія яна праводзіць.
Абвешчана грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі касцёла на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Праектам прапануецца рамонт даху касцёла Узвышэння Святога Крыжа, рэканструкцыя сценаў будынка, капрамонт скляпенняў, аднаўленне элементаў фасаду і ўнутраных інтэр’ераў, уладкаванне разнастайных сістэм, рамонт ўваходнай брамы, аднаўленне пахавальных капліц. З парафіяй праект папярэдне не ўзгадняўся.
Удзельніцы руху Маці ў малітве сустрэліся ў Браславе. 28 студзеня 2024 года ў санктуарыі Маці Божай Браслаўскай сабраліся прадстаўнікі руху з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі. Нагодай сталі традыцыйныя для супольнасці малітоўныя дні. Жанчыны маліліся разам са сваіх дзяцей і ўнукаў спачатку на святой Імшы, затым – падчас малітвы супольнасці.
У Іўі з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага адбыўся фестываль калядных песень. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цэлебраваў святую Імшу, якой 28 студзеня 2024 года адкрыўся ХХІ фестываль калядных песень Gloria in excelsis Deo. Каля 200 маладых вернікаў розных парафій праславілі Збаўцу сваім спевам. Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.