2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Мінску з удзелам біскупаў адзначылі Дзень кансэкраванага жыцця. 6 лютага 2024 года ў катэдральным касцёле адбылася сустрэча манаскіх асобаў, якія нясуць служэнне ў архідыяцэзіі. У свяце ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскупы Аляксандр Яшэўскі і Юрый Касабуцкі. Выказваючы падзяку кансэкраваным асобам, біскуп Касабуцкі падкрэсліў, што манаскія супольнасці адыгралі велізарную ролю ў адраджэнні Касцёла ў Беларусі.

У Гродне Дзень кансэкраванага жыцця сабраў манаскіх асобаў з усёй дыяцэзіі. Падчас святкавання 5 лютага 2024 года кульмінацыяй сустрэчы стала ўрачыстая Імша ў катэдральным касцёле, на якой кансэкраваныя асобы аднавілі манаскія абяцанні. Узначаліў яе цэлебрацыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ардынарый падзякаваў усім асобам кансэкраванага жыцця за іх штодзённае служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне.

Архімандрыт Сяргей Гаек адзначыў 75-годдзе. 8 лютага Апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі святкаваў юбілей – з гэтай нагоды яго павіншаваў старшыня епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён падкрэсліў вялікі ўнёсак архімандрыта ў развіццё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы і пажадаў яму "шчодрай дапамогі ад Госпада ў далейшым пастырскім служэнні, апекі Маці Божай, а таксама заступніцтва ўсіх святых Беларускай зямлі".

У Беларусі абвешчаны запіc на сустрэчу дзяцей з Папам Францішкам у Рыме. Місія добрага Самараніна паведаміла, што 25-26 мая 2024 года плануецца ўдзел групы дзяцей з Беларусі ў святкаванні Сусветных дзён дзіцяці разам са Святым Айцом. У пілігрымку прымаюць дзяцей ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў – разам з апекуном.

У Мінску адноўлена душпастырства асобаў з парушэннем слыху. Гэта адбылося па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, які 3 лютага 2024 года ў катэдральным касцёле цэлебраваў першую святую Імшу для глухіх і асобаў з парушэннем слыху. Арцыпастыр прадставіў новапрызначанага дыяцэзіяльнага душпастыра глухіх ксяндза Яна Кузюка, які пачаў служэнне ў архікатэдральнай парафіі.

У Віцебску абвясцілі конкурс на веданне Святога Пісання. Катэхетычны аддзел Віцебскай дыяцэзіі запрасіў да ўдзелу дзяцей з парафій усіх дыяцэзій Беларусі. Удзельнікі будуць падзелены на дзве ўзроставыя катэгорыі, тэма біблійнага конкурсу – Цуды Езуса Хрыста ў Евангеллях. Цяпер пачалася падрыхтоўка да конкурсу, які складаецца з трох этапаў: парафіяльнага, дэканальнага і дыяцэзіяльнага. Правядзенне першага этапу запланавана на 6 красавіка 2024 года.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

10 лютага 2024, 09:19