Кардынал Дзупі падчас размовы з Францішкам Кардынал Дзупі падчас размовы з Францішкам 

Кардынал Дзупі просіць сур'ёзна ўспрымаць заклік Папы да міру

Словы Святога Айца, які заклікае да міру, не з’яўляюцца наіўнымі, і гэтае пытанне стаіць як прыярытэт для Касцёла ў Італіі, - адзначыў арцыбіскуп Балонні і старшыня італьянскага епіскапату.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Матэа Дзупі адкрыў 18 сакавіка 2024 года ў Рыме пасяджэнне Пастаяннай рады Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Нагадаем, што Францішак даверыў іерарху міратворчую місію па сітуацыі вакол Украіны.

“Ці можам мы пагадзіцца з тым, што толькі вайна з'яўляецца рашэннем канфліктаў? Ці адмова ад вайны не азначае спыненне яе развіцця, ці мы павінны чакаць незваротнага, каб зразумець і выбраць мір?” - спытаў кардынал Дзупі. Ён нагадаў, што слова мір – адно з ключавых падчас пантыфікату Францішка.

“Касцёл з’яўляецца Маці, і перажывае вайну як Маці, для якой каштоўнасць жыцця пераважае над развагамі або надуманымі дамоўленасцямі. Іншымі словамі, мір – гэта адзіная прычына, якая можа прывесці да вырашэння канфліктаў і іх крыніц, да трыумфу права і пачуцця наднацыянальнай адказнасці”, - заўважыў папскі пасланнік.

На яго думку, “гісторыя патрабуе, каб разам з уцягнутымі бакамі і з удзелам міжнароднай супольнасці знайсці новыя рамкі, іншую парадыгму ў пошуку справядлівага і бяспечнага міру”.

“Мы не можам змірыцца ні з бескантрольным павелічэннем узбраенняў, ні з вайной як шляхам да міру”, - падкрэсліў кардынал Дзупі.
 

20 сакавіка 2024, 09:55