Касцёл у Францыі рыхтуе мерапрыемствы да летняй Алімпіяды
Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Праграма, арыентаваная як на каталіцкіх вернікаў, так і на іншых удзельнікаў, з'яўляецца часткай ініцыятывы Святыя гульні Канферэнцыі Біскупаў Францыі, закліканай абвяшчаць Евангелле з дапамогай спорту.
"Спорт развівае пачуццё братэрства і дазваляе мякка абвяшчаць веру. Кожная парафія імкнецца зрабіць гэтыя мерапрыемствы яркімі", - сказаў дыякан Версальскай дыяцэзіі Фрэдэрык Дэрэн.
"Мы хочам прадэманстраваць гасцінны і энергічны твар Касцёла. Гаворка ідзе аб выхаванні каманднага духу, напаміне аб тым, што ніхто не самотны, і заахвочванні да пачуцця салідарнасці", - дадаў ксёндз Ражэ Вільегас, парафіяльны святар з Нантэрскай дыяцэзі
У студзені ў Парыжы прайшла Escape-гульня для моладзі на хрысціянскую тэматыку. У Нантэрскай дыяцэзіі 9 сакавіка 2024 года стартаваў баскетбольны турнір, у якім прымаюць удзел каля дваццаці парафіяльных каманд. Спаборніцтвы, натхненнем для якіх сталі Алімпійскія і Паралімпійскія гульні, таксама запланаваны для 600 навучэнцаў каталіцкіх школ Пантуазскай дыяцэзіі.
На Вялікі пост парафіям Версальскай дыяцэзіі быў перададзены Агонь міру, які застанецца там да заканчэння Паралімпійскіх гульняў. Мэта – “станоўчае ўспрыняцце Гульняў парафіянамі”.
Кульмінацыяй праграмы стануць Летнія маршруты, якія прывядуць больш за 2000 маладых католікаў з усёй Францыі ў Парыж, дзе яны будуць назіраць за Алімпіядай і ўдзельнічаць у рэлігійных мерапрыемствах накшталт тых, што праводзяцца ў Сусветныя дні моладзі.
Чакаецца, што ў Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях, якія будуць праходзіць з канца ліпеня па пачатак верасня 2024 года ў сталіцы Францыі, прыме ўдзел больш за 10000 спартсменаў з 205 краін і прыкладна 40000 валанцёраў.
Правядзенне алімпійскіх мерапрыемстваў разглядаецца Касцёлам як магчымасць адкрыцца іншым, гасцінна вітаць турыстаў, спартсменаў і іх сем'і, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, праводзіць набажэнствы на розных мовах у касцёлах паблізу алімпійскіх і паралімпійскіх аб'ектаў і дэманстраваць мясцовую рэлігійную спадчыну, - піша французскае каталіцкае выданне.