2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў офіс сацыяльнай службы Табіта. 5 сакавіка 2024 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў цырымонію адкрыцця і благаслаўлення офіса прадстаўніцтва сацыяльнай службы па хатнім доглядзе, якая дзейнічае пры таварыстве Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Новы офіс сацыяльнай службы, якая аказвае дапамогу хворым і цяжкахворым людзям у іх доме, размясціўся ў будынку пастырскага цэнтра Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

У Лепелі адзначылі 420-годдзе асвячэння касцёла. 3 сакавіка 2024 года ўрачыстасць ў парафіі святога Казіміра ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На святой Імшы прысутнічаў старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, які асабіста павіншаваў парафію з юбілеем. Да гэтай падзеі мясцовы мастак Аляксандр Саўчанка напісаў копію знакамітай работы Леанарда да Вінчы Апошняя Вячэра, якая ўпрыгожыць алтар святыні.

Дазвол на служэнне ў Магілёве замежных святароў далі дзяржаўныя ўлады. Пра гэта паведаміў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі падчас парафіяльнай урачыстасці, якая прайшла 4 сакавіка 2024 года ў парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі. Біскуп выказаў падзяку прысутнаму на свяце Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за пастырскі клопат пра рэгіён і за малітву ў інтэнцыі дзяржаўных ўладаў, якія далі згоду на служэнне ў Магілёве некалькіх святароў з-за мяжы.

Сустрэча для жанчын з Асацыяцыі Святой Сям’і з Назарэта прайшла ў Шчучыне. З 1 па 3 сакавіка 2024 года ў кляштары айцоў піяраў адбылася фармацыйная сустрэча, арганізаваная сёстрамі назарэтанкамі. У ёй удзельнічалі жанчыны з розных рэгіёнаў Беларусі. Спатканне было прысвечана пытанням стасункаў. Удзельнікі абмяркоўвалі, як будаваць здаровыя зносіны ў сваіх сем’ях, а таксама ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, адарацыі, якая працягвалася ўсю ноч, глядзелі тэматычны фільм.

Падарунак ад Папы Францішка перэгрынуе ў Віцебску. У парафіі святога Антонія Падуанскага сустракалі ружанец, які Святы Айцец перадаў дзецям Беларусі падчас малітоўнага набажэнства Мільён дзяцей моліцца на ружанцы. На працягу тыдня маленькія вернікі парафіі ўдзельнічалі ў ружанцовай малітве, якая штодзённа адбываецца перад святой Імшой.

Вернікі з Навагрудка наведалі пажылых людзей і інвалідаў. 2 сакавіка 2024 года моладзь з парафіі святога Арханёла Міхала разам з пробашчам наведалі падапечных мясцовага аддзялення пастаяннага прабывання – па запрашэнні яго кіраўніцтва. Вернікі падрыхтавалі спецыяльную музычную малітву-разважанне на тэму веры, надзеі і любові. Госці парадавалі пажылых людзей таксама неабходнымі ў быце падарункамі, а пробашч падарыў кожнаму пастаяльцу гэтай сацыяльнай установы асвячаны цудадзейны медалік Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і звярнуўся да іх са словамі падтрымкі і надзеі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

09 сакавіка 2024, 09:14