Выява Турынскай плашчаніцы Выява Турынскай плашчаніцы 

Юбілей 2025 года: чуванне моладзі ля Турынскай плашчаніцы

Не будзе адмысловага выстаўлення Турынскай плашчаніцы падчас Святога 2025 года. Аднак ля яе арганізуюць спецыяльныя чуванні для моладзі. Юбілейная ініцыятыва была абвешчаная арцыбіскупам Турынскім Раберта Рэполе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мы хочам, каб маладыя людзі, па-новаму адкрываючы для сябе Плашчаніцу, маўклівую сведку смерці і ўваскрасення Езуса, атрымалі магчымасць даведацца пра Касцёл і знайсці сваё месца ў ім”, - сказаў іерарх на прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі юбілейнай падзеі.

Ён паведаміў, што архідыяцэзія мае намер выкарыстоўваць самыя новыя медыя, якія з’яўляюцца часткай штодзённага жыцця маладога пакалення. Каля сабора, дзе захоўваецца Турынская плашчаніца, будзе ўсталяваны велізарны мультымедыйны шацёр, дзе можна будзе пазнаёміцца з гісторыяй і пасланнем гэтай бясцэннай рэліквіі, напісанай целам Езуса. Непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы прэзентацыі прымае моладзь.

Мэта арганізатараў – з дапамогай мерапрыемстваў Юбілею 2025 года заахвоціць маладых людзей да рэфлексіі над хвалюючымі іх пытаннямі смерці, болю і надзеі, якія так часта ўзнікаюць у свеце, пазначаным войнамі і няроўнасцю.

Арцыбіскуп Турынскі падкрэсліў, што план юбілейных мерапрыемстваў у горадзе будзе паступова набываць канкрэтныя абрысы, каб найлепшым чынам адпавядаць чаканням пілігрымаў і турыстаў. “Святы Год – гэта выдатная магчымасць для евангелізацыі, якую нельга ўпусціць”, - лічыць Рэполе.

Сёлета юбілейнае падарожжа пачнецца 4 мая з візіту кардынала П'ербатысты Піцабалы, лацінскага патрыярха Іерусаліма, які папрасіў, каб перад Плашчаніцай працягвалася малітва аб міры на Радзіме Езуса. Іерарх падзеліцца сведчаннем драматычнай сітуацыі ў Святой Зямлі.

Дата выбрана не выпадкова. Гэта літургічны ўспамін Турынскай плашчаніцы. Спецыяльную булу аб устанаўленні свята выдаў Папа Юлій ІІ 25 красавіка 1506 года, зацвердзіўшы Імшу святой Плашчаніцы і дату штогадовай літургічнай цэлебрацыі – 4 мая.
 

30 красавіка 2024, 11:07