Касцёл Духа Святога in Sassia Касцёл Духа Святога in Sassia 

Рым: 30 гадоў Цэнтру духоўнасці Божай Міласэрнасці

Ужо 30 гадоў у Рыме ў касцёле Духа Святога in Sassia існуе Цэнтр духоўнасці Божай Міласэрнасці. Ён быў створаны 1 студзеня 1994 года святым Янам Паўлам ІІ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Менавіта гэты Пантыфік ахвяраваў касцёлу копію абраза Езуса Міласэрнага, намаляваную паводле ўказанняў сястры Фаўстыны Кавальскай, а затым, у 2000 годзе, пасля кананізацыі Апостала Божай Міласэрнасці, яе рэліквіі.

Касцёл Духа Святога мае даўнія традыцыі, узыходзячыя да VIII стагоддзя. З самага пачатку ён быў звязаны з духоўнай практыкай міласэрнасці. Спачатку як цэнтр для англасаксонскіх пілігрымаў – адсюль і назва in Sassia – а потым як касцёл для пацыентаў найстарэйшай бальніцы ў Еўропе.

Цэнтрам культу Божай Міласэрнасці з'яўляецца адна з бакавых капліц. Тут знаходзіцца абраз Езуса Міласэрнага і рэліквіі святой Фаўстыны. Кожны дзень у 15.00 там моляцца Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Набажэнства трансліруецца на сайце санктуарыя divinamisericordia.it і на Telepace TV. З 1993 года тут служаць сёстры з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, да якой належала святая Фаўстына.

Ян Павел ІІ наведаў Цэнтр духоўнасці Божай Міласэрнасці ў 1995 годзе, а Францішак – у 2021 годзе. Кожны год у нядзелю Божай Міласэрнасці Папа вітае пілігрымаў, якія ў гэты дзень прыходзяць у працэсіі з абразам Езуса Міласэрнага на плошчу святога Пятра. Касцёл Духа Святога in Sassia знаходзіцца ў некалькіх сотнях метраў ад яе.
 

08 красавіка 2024, 11:46