2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Лідзе разам маліліся найстарэйшы і наймалодшы біскупы Беларусі. 7 красавіка 2024 года ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа цэлебравалі Эўхарыстую арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп намінат Уладзімір Гуляй. 78-гадовы заслужаны іерарх маліўся разам з 48-гадовым біскупам намінатам, прызначаным каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі. Арцыбіскуп павіншаваў свайго маладога сабрата і пажадаў моцы Божай у выкананні абавязкаў наступніка апосталаў.

У Мінску адбылася малітва праслаўлення дзіцячых гуртоў пры ўдзеле арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. 6 красавіка 2024 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры арганізавалі сустрэчу Дзеці нясуць міласэрнасць, на якой прысутныя маліліся ў інтэнцыі абароны жыцця і супакою ў свеце. У малітве ўдзельнічала адзінаццаць гуртоў з рыма-каталіцкіх парафій Беларусі, а таксама гурт Грэка-Каталіцкай Царквы. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўручыў удзельнікам памяткі і прамовіў да дзяцей слова.

Біскупы ўзначалілі парафіяльныя фэсты ў рэгіёнах. 7 красавіка 2024 года ў касцёле Божай Міласэрнасці ў Асіповічах святую Імшу цэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў, што найвялікшым дарам Божай Міласэрнасці з’яўляецца Эўхарыстыя. 8 красавіка 2024 года ў парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Перстуні адпуст узначаліў старшыня епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён у гаміліі адзначыў, што Звеставанне было і з’яўляецца таямніцай ласкі Бога, які аб’яўляе сябе, таму "трэба схіліць свае калені перад таямніцай, якую не разумееш".

У Будславе прайшла сустрэча ў межах Года падзякі Маці Божай. 6 красавіка 2024 года ў Нацыянальным санктуарыі спатканне на тэму дзявятай Божай запаведзі арганізавалі духавенства і вернікі Стаўбцоўскага дэканату. Сустрэчу праводзілі ў межах Года падзякі Маці Божай і малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Інаўгурацыя дзейнасці Беларускай асацыяцыі касцёльнага права адбылася ў Бараўлянах. 3 красавіка 2024 года ўрачыстае мерапрыемства сабрала біскупаў, таксама прынялі ўдзел Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду, прадстаўнік Апостальскага нунцыя. Заснаванне асацыяцыі мае вялікую практычную карысць – у прыватнасці, у папулярызацыі і развіцці касцёльнага права ў Беларусі шляхам навуковай дзейнасці. На сустрэчы быў вызначаны склад часовага кіраўніцтва асацыяцыі, у які увайшлі ксёндз Віктар Гайдукевіч, ксёндз Андрэй Зноска і сястра Міраслава Капцюк.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

13 красавіка 2024, 07:56