Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Копіі цудадзейных Марыйных абразоў наведалі 100-ю парафію. Юбілейным месцам, дзе сустрэлі спісы найбольш шанаваных у Беларусі цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, стала парафія святога Міхала Арханёла ў Гатаве на Міншчыне. 20 красавіка 2024 года сюды прыбылі копіі абразоў, якія амаль за тры гады перэгрынацыі пабывалі ў шматлікіх парафіях Беларусі, а таксама замежжа. Колькасць няспыннай малітвы перад цудадзейнымі выявамі Багародзіцы налічвае больш за 1000 дзён.
Місія Добрага Самараніна запісала беларускую версію гімна да Сусветнага дня дзіцяці. З песняй Гэта мы дзеці з Беларусі адправяцца на форум, які пройдзе у Рыме з удзелам Папы Францішка. Запіс гімну адбываўся ў прафесійнай студыі, аўдыё і тэкст з акордамі апублікаваны для ўсіх зацікаўленых.
Сустрэча маладых кансэкраваных асобаў прайшла ў Баранавічах. 22-23 красавіка 2024 года ў доме айцоў вербістаў сабраліся кансэкраваныя асобы ва ўзросце да 40 гадоў з усёй Беларусі. Арганізатарамі сустрэчы, якая праходзіць для інтэграцыі маладых законных асобаў, выступілі салезіяне і салезіянкі. Мерапрыемства ўключала не толькі сумесную малітву, канферэнцыі, лекцыі, але і гульні, наведванне парку жывёлаў.
У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначаны Біскупскі вікарый па справах будаўніцтва. 19 красавіка 2024 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўручыў дэкрэты аб новых прызначэннях шэрагу святароў. У прыватнасці, ксёндз канонік Францішак Рудзь прызначаны Біскупскім вікарыем па справах будаўніцтва і рамонта сакральных будынкаў, што належаць і знаходзяцца ў карыстанні архідыяцэзіі.
Сустрэча сясцёр эўхарыстак з пяці краін адбылася ў Друі. 23 красавіка 2024 года тут сабраліся прадстаўніцы кангрэгацыі Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі з Польшчы, Літвы, Беларусі, Расіі і Казахстана. Менавіта ў гэтым мястэчку на Браслаўшчыне 100 гадоў таму была заснавана кангрэгацыя – благаслаўлёным Юрыем Матулевічам, які ў той час быў Віленскім біскупам. Святую Імшу падчас спаткання сясцёр цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У навагрудскім касцёле з удзелам біскупа-наміната адкрыта старадаўняя крыпта. 27 красавіка 2024 года Эўхарыстую з гэтай нагоды ў парафіі святога Арханёла Міхала ўзначаліў біскуп-намінат Уладзімір Гуляй. Крыпта імя святога Дамініка і біскупа Віта размешчана ў найстарэйшай частцы касцёла, дзе знаходзяцца пахаванні айцоў дамініканаў і сям’і фундатараў гэтай святыні – роду Хадкевічаў. Працы па падрыхтоўцы крыпты, якая стала даступная для наведвання ўсім жадаючым, доўжыліся тры гады.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.