2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Апостальскі нунцый удзяліў біскупскае пасвячэнне Уладзіміру Гуляю. 25 мая 2024 года святую Імшу ў гродзенскай катэдры ўзначаліў арцыбіскуп Антэ Ёзіч – з рук прадстаўніка Папы Францішка Уладзімір Гуляй атрымаў біскупскае пасвячэнне і распачаў служэнне ў якасці біскупа-каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі.

Ксяндзу Уладзіславу Завальнюку нададзены тытул Капелана Яго Святасці. 23 мая 2024 года пра гэта паведаміў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падчас пастырскай сустрэчы духавенства архідыяцэзіі ў Будславе. Па яго просьбе Папа Францішак надаў ганаровы тытул ксяндзу Завальнюку, які адзначае 50-годдзе святарскага служэння і 75-гадовы юбілей з дня нараджэння. Наданне ганаровага тытула папскага прэлата з’яўляецца выразам прызнання вялікіх заслуг перад Касцёлам.

Інфаркт і аперацыю на сэрцы перанёс арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ганаровы іерарх выйшаў са шпіталя і 23 мая 2024 года ўдзельнічаў у сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Арцыбіскупу-эмерыту – 78 гадоў. Сёлета ў лютым ён трапіў у шпіталь, дзе медыкі прыводзілі ў норму рытм сэрца, а ў лютым 2023 года перанёс аперацыю па выдаленні пухліны.

Дзеці з Беларусі скіраваліся на Сусветныя дні дзіцяці ў Рым. 19 мая 2024 года пілігрымку дзвюх груп дзяцей перад выездам на вакзале благаславіў на добрую дарогу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Сусветныя дні дзіцяці ўпершыню ў гісторыі праходзяць у Рыме 25-26 мая. Ініцыятарам іх правядзення стаў Папа Францішак. Для ўдзелу ў сустрэчы было пададзена больш за 64 тысяч заявак з 85 краін, у тым ліку з Беларусі.

На Гродзеншчыне развітваюцца са шматгадовым дэканам Мастоўскага дэканату. 22 мая 2024 года на 64 годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Рышард Якубец, пробашч парафіі ў Мікелеўшчыне, былы дэкан Мастоўскага дэканату. Пахавальныя цырымоніі адбудуцца 26-27 мая ў касцёле ў Мікелеўшчыне, дзе ён больш за 30 гадоў, да моманту раптоўнай смерці ў шпіталі, быў пробашчам парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Таксама святар служыў у парафіі ў Мастах, дзе кіраваў будаўніцтвам касцёла.

Адкрыта рэгістрацыя ў пілігрымкі ў Будслаў. Пешыя паломніцтвы ў Нацыянальны санктуарый з розных куткоў Беларусі распачнуцца з канца чэрвеня. Традыцыйная пілігрымка з Мінска ў Будслаў стартуе 1 ліпеня 2024 года і працягваецца пяць дзён, адлегласць, якую пераадолеюць пілігрымы пешкі, складае 125 кіламетраў. Сёлетні Будслаўскі фэст пройдзе 5 і 6 ліпеня – падчас яго адбудзецца прысвячэнне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

25 мая 2024, 12:29