FILE PHOTO: FILE PHOTO: Illustration shows AI (Artificial Intelligence) letters and robot hand miniature

Кардынал Дзупі: штучны інтэлект не заменіць алгарытму сэрца

Будучыня Касцёла ў тым, каб ісці насустрач іншым, бо немагчыма быць хрысціянамі, не ідучы да іх. Евангелле, гэта не “прадукт для асабістага дабрабыту” – яно тычыцца бліжнага, нагадаў кардынал Матэа Дзупі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Старшыня Канферэнцыі біскупаў Італіі прыняў удзел у Фестывалі камунікацыі, які прайшоў у Пінэрола ў паўночнаітальянскай вобласці П’емонт. Тэма форума: Застанемся злучанымі, была натхнёная пасланнем Папы на 58-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі, прысвечанае штучнаму інтэлекту.

Каб камунікаваць і заставацца злучанымі, неабходна ўключыць прыёмнік сэрца, якое павінна быць заўсёды гатовым чуць тое, што паходзіць са свету, - падкрэсліў на палях сустрэчы іерарх.

Кардынал Дзупі заўважыў, што мы перажываем перамены, звязаныя з эпохай “лічбавай антрапалогіі”. На яго думку, важна ўжо зараз зразумець, якімі будуць людзі, якія сфарміруюцца ў гэтым гістарычным кантэксце. Арцыбіскуп Балонскі падкрэсліў, што нягледзячы на развіццё штучнага інтэлекту, ён ніколі не змога замяніць “алгарытму сэрца”, асабліва калі выкарыстоўваецца для ваенных мэтаў.

Іерарх заўважыў, што ў актуальнай міжнароднай сітуацыі хрысціяне пакліканы быць “майстрамі і будаўнікамі міру”. Ён перакананы, што нягледзячы на законнасць самаабароны, мір павінен наступіць праз перамовы, пераадоленне палярызацыі і ўклад ААН. “Мір не можа быць толькі перамір’ем, інакш свет, які застанецца, будзе горшым, чым раней”, - дадаў кардынал Матэа Дзупі.
 

16 мая 2024, 10:03