Арцыбіскуп Хубертус ван Меген Арцыбіскуп Хубертус ван Меген  

Нунцый у Кеніі: вучэнне Езуса – надзейны компас для нашага часу

“Вучэнні заходняга грамадства на тэму абортаў, эўтаназіі, гендарнай тэорыі з’яўляюцца выразнымі сімптомамі грамадства, якое страціла свой унутраны компас”, – упэўнены Апостальскі нунцый у Кеніі.

Ян Глінскі

Гэтыя словы арцыбіскуп Хубертус ван Меген прамовіў 25 мая 2024 года падчас урачастасці біскупскага пасвячэння, якое ён удзяліў душпастыру Джону Кіпліма Лелеі, новаму дапаможнаму біскупу заходнекенійскай дыяцэзіі Элдарэт.

Ватыканскі дыпламат перасцярог перад дэструктыўнымі наступствамі ідэяў, якія распаўсюджваюцца заходнімі секулярызаванымі грамадствамі, што “бязрадна носяцця па ўсхваляваным моры чалавечых прагненняў”.

“Для ўсіх відавочна, што Захад, свецкае грамадства, страціў сваю жыццяздольнасць і ўсё больш паглыбляецца ў сябе”, - перакананы нунцый, які лічыць, што грамадства Захаду больш не з’яўляецца святлом для народаў.

Адначасова, на думку іерарха, Касцёл у Афрыцы “мацнее”. Гэты факт пацвярджаюць таксама статыстычныя даныя: у той час, калі колькасць католікаў у свеце ўвесь час зніжаецца, у Афрыцы адзначаецца найвялікшы прырост каталіцкага насельніцтва. У 2021 годзе на гэтым кантыненце колькасць католікаў павялічылася на 8,3 мільёны чалавек. Ва ўсім свеце іх лічба ўзрасла на 16,2 мільёны чалавек, у агульнай колькасці склаўшы 1,375 мільярд вернікаў. 236 мільёнаў католікаў у Афрыцы складаюць каля 20 працэнтаў каталіцкага насельніцтва ў свеце. Паводле прагнозаў, да 2050 года афрыканскія католікі будуць складаць 32 працэнты паўсюднага Касцёла. Арцыбіскуп Меген заахвоціў Касцёл у Афрыцы верна рэалізоўваць вучэнне Езуса, якое з’яўляецца “адзінай прымальнай мерай для ўсіх людзей, падобна як компас – адзіная надзейная і незаменная прылада для капітана, якая знаходзіць шлях у цёмным і ўсхваляваным моры”.

Апостальскі нунцый прараўнаў біскупа з капітанам карабля, які “плыве на караблі Касцёла па ўсхваляваных водах нашага часу”. “Дарагі айцец Джон, цябе ўсяляк будуць крытыкаваць, а людзі будуць спрабаваць цябе знішчыць па той простай прычыне, што ты абараняеш вучэнне Хрыста”, - сказаў нунцый новаму біскупу, заахвоціўшы заставацца верным свайму пакліканню.
 

31 мая 2024, 09:20