Біскуп Шанхая Джозэф Шэн Бінь з кардыналам П'етра Паралінам Біскуп Шанхая Джозэф Шэн Бінь з кардыналам П'етра Паралінам 

Рым: перспектывы адносін Святы Пасад - Кітай

З 2018 года па сённяшні дзень мы бачым умацаванне ўзаемаадносін паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай праз Часовае пагадненне па біскупскіх прызначэннях, - заявіў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржсакратар выступіў 21 мая 2024 года ў папскім універсітэце Урбаніяна на ватыканска-кітайскім форуме, прысвечаным 100-годдзю Concilium Sinense, першага і пакуль што адзінага Сінода Каталіцкага Касцёла ў Кітаі.

Іерарх заўважыў, што Пагадненне, у якім зацікаўлены абодва бакі, важна аднаўляць, а таксама “развіць некаторыя яго моманты”. Нават калі першапачаткова працэс не прывядзе да арганізацыі афіцыйнага папскага прадстаўніцтва ці апостальскай нунцыятуры, ён можа ўзмоцніць і паглыбіць узаемныя кантакты. “Гэта наша мэта”, - прызнаўся кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада.

Гэтыя словы былі сказаны кардыналам Паралінам у прысутнасці біскупа Шанхая Джозэфа Шэн Біня, які запэўніў: “Мы будзем працягваць будаваць Касцёл у Кітаі як святы і каталіцкі Касцёл, які адпавядае Божай волі, прымае выдатную традыцыйную культурную спадчыну Кітая і з’яўляецца дружалюбным сучаснаму кітайскаму грамадству”.

Сёння, калі ў Кітаі імкнуцца да “вялікага адраджэння кітайскага народа ў глабальным ключы з мадэрнізацыяй у кітайскім стылі”, Каталіцкі Касцёл “павінен рухацца ў тым жа кірунку”, “ідучы шляхам кітаізацыі, які адпавядае сучаснаму кітайскаму грамадству і культуры”, - лічыць біскуп Шэн Бінь.

Такім чынам, дадаў старшыня Калегіі кітайскіх каталіцкіх біскупаў, якую прызначае ўрад КНР, запрашэнне, скіраванае да кітайскіх святароў і вернікаў, заключаецца ў тым, каб “любіць сваю краіну і свой Касцёл і цесна звязваць развіццё Касцёла з дабрабытам народа”. Тут ён спаслаўся на словы Папы Францішка аб тым, што “быць добрым хрысціянінам не толькі не супярэчыць таму, каб заставацца добрым грамадзянінам, але і з’яўляецца неад’емнай часткай гэтага”.

Concilium Sinense прайшоў у Шанхаі ў 1924 годзе. Гэта азнаменавала пералом у палітычнай арыентацыі Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, які да таго часу быў цесна звязаны з еўрапейскімі каланіяльнымі дзяржавамі. Лічыцца, што суджэнне аб Каталіцкім Касцёле як аб замежным да сённяшняга дня працягвае ўплываць на адносіны паміж Святым Пасадам і Кітаем. 100 гадоў таму ў Шанхаі адбылася спроба стварыць у Кітаі больш лакальна арыентаваны Касцёл.
 

22 мая 2024, 10:02