Арцыбіскуп Рына Фізікела Арцыбіскуп Рына Фізікела  (ANSA)

Святы 2025 год: новыя намаганні, каб вярнуцца да еднасці

Сёння свет мае патрэбу ў надзеі, і таму задачай нас, хрысціян, з’яўляецца сведчанне аб ёй, - лічыць арцыбіскуп Рына Фізікела, адказны за падрыхтоўку Святога 2025 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каментуючы нядаўнюю булу, праз якую Папа афіцыйна абвясціў Юбілей, іерарх патлумачыў, чаму Францішак робіць у ёй настолькі вялікі акцэнт на абвяшчэнні надзеі.

“Свет пагружаны ў насілле і вайну”, - адзначыў іерарх у інтэрв’ю Vatican News. - Колькі разоў Папа гаварыў пра трэцюю фрагментарную сусветную вайну? А як часта мы самі сутыкаемся са злом у нашым паўсядзённым жыцці? Сведчанне хрысціянскай надзеі з’яўляецца неабходнасцю. Касцёл заўсёды гаворыць пра веру і любоў, а пра надзею забываецца. Юбілейны год становіцца магчымасцю для гэтага, спосабам паставіць у цэнтр Уваскрасенне Хрыста. Нельга забываць, што жыццё Касцёла заключаецца ў абвяшчэнні Хрыста, які памёр і ўваскрос”.

Арцыбіскуп Фізікела падкрэсліў, што ў цэнтры Святога Года знаходзіцца прабачэнне. У гэтым выпадку мы не маем справу з надзеяй. Ёсць упэўненасць, што Бог нам прабачае, і мы можам, так бы мовіць, дакрануцца да Яго міласэрнасці.

Яшчэ адным важным аспектам Юбілею з’яўляецца пілігрымка. Мяркуецца, што з гэтай нагоды ў Рым прыбудуць 32 мільёна пілігрымаў, у тым ліку 100 тысяч пешшу.

Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі прагназуе, што Юбілей стане таксама вялікім экуменічным выклікам. На гэты ж год прыпадае 1700-годдзе Нікейскага сабора, і ўсе хрысціяне будуць святкаваць Вялікдзень у адзін дзень.

“Усе вернікі змогуць успомніць, як выглядаў непадзелены Касцёл, - заўважыў арцыбіскуп Фізікела. - Нават калі былі спрэчкі, барацьба і супрацьстаянне, Нікейскі сабор – гэта сведчанне адзінства. Ён быў скліканы з думкай аб еднасці Касцёла. Трэба памятаць, што гэта ўсё яшчэ вельмі канкрэтны знак і сведчанне гэтай еднасці. Варта адзначыць, што ў вызнанні веры, напісаным у Нікеі, упершыню сказана не веру, як было прынята раней, а верым. У Нікейскім сімвале веры – множны лік, тут выказана эклезіяльнае мы”.

Арганізатар урачыстасцей, думае, што Юбілей 2025 года дазволіць усім хрысціянам прыкласці новыя намаганні, каб вярнуцца да еднасці і ўсвядамлення эклезіяльнага мы.
 

14 мая 2024, 09:33