Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Юбілей Святога 2025 года: Хрыстос Далі ў Рыме

У межах культурнай праграмы Святога 2025 года ў рымскім касцёле Сан-Марчэла-аль-Корса можна будзе ўбачыць выставу з працамі іспанскага мастака “Хрыстос Далі ў Рыме”.

Ян Глінскі

У экспазіцыю, адкрыццё якой запланавана на 13 мая 2024 года, уваходзіць знакамітая карціна Сальвадора Далі Хрыстос святога Яна ад Крыжа, вядомая таксама як Хрыстос з Порт-Лігата (1951). Звычайна карціну можна ўбачыць у мастацкай галерэі і музеі Келвінграў у Глазга.

У касцёле таксама будзе выстаўлены прадмет, які, праўдападобна, стаў натхеннем для Далі: эскіз Укрыжаванага Хрыста (туш, папера, 1542-1591) рукі святога Яна ад Крыжа, які, можна меркаваць, намаляваў яго пасля аднаго са сваіх містычных аб’яўленняў. Гэты мастацкі твор звычайна захоўваецца ў рэліквіярыі святога ў авільскім кляштары ў Іспаніі (Monasterio de la Encarnación).

Упершыню гэтыя дзве працы можна ўбачыць разам у адной экспазіцыйнай прасторы.

Выстава жывапісу Хрыстос святога Яна ад Крыжа з’яўляецца трэцім мерапрыемствам, звязаным з мастацтвам і верай, якія праходзяць у межах цыкла Юбілей – гэта культура. Яму папярэднічалі дзве выставы, якія прыцягвалі паломнікаў і аматараў мастацтва: Эль Грэка ў Рыме (з верасня па кастрычнік 2023 года ў касцёле Сант-Ан’езэ-ін-Агонэ на рымскай плошчы Навона, больш за 288 тысяч наведвальнікаў) і выстава 100 батлеек у Ватыкане (са снежня 2023 года па студзень 2024 года, больш за 280 тысяч наведвальнікаў).

На адкрыццё экспазіцыі Сальвадора Далі (пачатак у 18.00) уваход бясплатны. З 14 мая выстава ў касцёле Сан-Марчэла-аль-Корса (адрас: плошча Сан-Марчэла 5, Рым) будзе працаваць кожны дзень з 8.00 да 20.00.
 

10 мая 2024, 08:30