Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы перанесла сядзібу ў Рым

Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE) перанесла сядзібу з швейцарскага горада Санкт-Гален у Рым. Урачыстае адкрыццё новай штаб-кватэры адбылося 21 чэрвеня 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Цырымонію ўзначаліў кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы. У ёй бралі ўдзел старшыня ССEE арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас, прадстаўнікі структур Апостальскай Сталіцы і епіскапатаў еўрапейскіх краін.

Рашэнне аб пераносе сядзібы сакратарыята Рады было прынята на пленарным пасяджэнні старшынь Канферэнцый Біскупаў Еўропы ў лістападзе 2023 года пасля кансультацый са Святым Айцом.

Прычыны для гэтага кроку ў першую чаргу гістарычныя, патлумачыў Vatican News арцыбіскуп Грушас. Ён нагадаў, што Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы была заснавана ў 1971 годзе. Кантынент тады быў падзелены на два блокі, таму сядзібу арганізацыі размясцілі ў нейтральнай Швейцарыі. У Санкт-Гален, аднак, не проста дабрацца, таму з часам узнікла патрэба ў пошуку больш адпаведнага месца для сустрэч біскупаў, куды зручней далятаць самалётам. Паколькі біскупы часта прыязджаюць у Рым, цяпер у іх будзе магчымасць часцей наведваць штаб-кватэру ССЕЕ. Пры прыняцці рашэння аб пераездзе, улічваліся таксама фінансавыя аспекты: утрымліваць сакратарыят у Швейцарыі, дзе цэны вельмі высокія, было дорага.

Новыя памяшканні Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы знаходзяцца ў самым цэнтры Рыма, недалёка ад Пантэона, у вялікім старажытным будынку, які належыць Апостальскай Сталіцы, але выкарыстоўваецца вікарыятам Рымскай дыяцэзіі. Офіс сакратарыяту займае каля 400 квадратных метраў. Тут значна больш месца, чым было раней: ёсць вялікія пакоі для правядзення сустрэч і прыёмаў, больш магчымасцей для рэгулярнага ўзаемадзеяння з Папам і структурамі Святога Пасаду.
 

22 чэрвеня 2024, 09:30