2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Юбілей і пахаванне, новы малітоўнік і асвячэнне капліцы – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

50-годдзе святарства архімандрыта Сяргея Гаека адзначылі ў Мінску. 20 чэрвеня 2024 года Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі ўзначаліў набажэнства з гэтай нагоды ў храме парафіі святога праведнага Язэпа. У супольнай малітве ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, іншыя біскупы і протоархімадрыт Армянска-Каталіцкай Царквы айцец Петрас Есаян. Прадстаўнік Папы Францішка перадаў юбіляру віншаванні ад імя Святога Айца і прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынала Клаўдыё Гуджэроцці.

Новы каталіцкі малітоўнік выпусціла выдавецтва Pro Christo. У чэрвені ўбачыла свет кніга, у якой сабрана 69 літаній, 52 навэнны і 18 вяночкаў да Пана Бога, Панны Марыі, святых, а таксама ў розных інтэнцыях. Выданне аб’ёмам каля 650 старонак стала плёнам шматгадовай працы калектыву рэдакцыі часопіса Ave Maria, на старонках якога на працягу больш як 20 гадоў друкавалася пераважная частка малітоўных тэкстаў, што ўвайшлі ў кнігу.

Біскуп Гродзенскі пасвяціў адноўленую капліцу пад Навагрудкам. 15 чэрвеня 2024 года ў Мількавічах біскуп Аляксандр Кашкевіч здзейсніў пасвячэнне капліцы святога Антонія Падуанскага, якая з’яўляецца помнікам сакральнага драўлянага дойлідства сярэдзіны ХIХ стагоддзя. Яе аднаўленне стала магчымым дзякуючы ініцыятыве пробашча навагрудскай парафіі ксяндза Юрыя Жэгарына. Святар далучыў да гэтай справы сваіх парафіянаў, тых, хто жыў у Мількавічах раней, розныя арганізацыі і людзей добрай волі, каб з іх матэрыяльнай падтрымкай вярнуць капліцы жыццё.

Каля сотні святароў сабрала развітанне з маці дэкана Смаргонскага. 19 чэрвеня 2024 года ў Старых Васілішках прайшло пахаванне Зоф’і Казлоўскай, маці ксяндза Антонія Казлоўскага, дэкана Смаргонскага. На развітанне са спачылай прыехалі святары з розных парафій і дыяцэзій Беларусі. Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.

У Мінскім тэалагічным каледжы завяршыўся навучальны год. 15 чэрвеня 2024 года тут адбылася ўрачыстасць з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага. Выпускнікі атрымалі з рук арцыпастыра дыпломы катэхетаў. Тым часам з 20 чэрвеня пачался рэгістрацыя кандыдатаў для паступлення ў каледж на наступны навучальны год.

Сустрэча для членаў апостальскага руху Маргарытка прайшла ў тракельскім санктуарыі. 15 чэрвеня 2024 года да сустрэчы ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Каралевы нашых сем’яў далучыліся таксама прадстаўнікі Легіёну Марыі – колькасць удзельнікаў склала звыш 300 вернікаў з розных куткоў Гродзеншчыны. Галоўнай мэтай руху Маргарытка з’яўляецца штодзённая малітоўная падтрымка канкрэтных святароў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

22 чэрвеня 2024, 07:39