Пошук

Пасвячэнне біскупа Уолера Пасвячэнне біскупа Уолера 

Кардынал Фернандэс удзяліў сакру біскупу для былых англікан

Дэвід Уолер стаў першым біскупам Персанальнага ардынарыяту Маці Божай Уолсінгемскай. Пасвячэнне прайшло 22 чэрвеня 2024 года ў Вестмінстэрскім саборы ў Лондане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Заснаваны ў 2011 годзе, згодна з Апостальскай канстытуцыяй Anglicanorum сoetibus, Персанальны ардынарыят Маці Божай Уолсінгемскай з'яўляецца дыяцэзіяльнай структурай для былых англікан, якія перайшлі ў Каталіцкі Касцёл. За гэты час да яго далучылася прыкладна пяцьдзясят супольнасцей па ўсёй Вялікабрытаніі. Біскуп Уолер, які да перахода ў Касцёл быў англіканскім святаром, стаў першым біскупам гэтага ардынарыяту.

Біскупскае пасвячэнне ўзначаліў прэфект Дыкастэрыі веравучэння, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс. Акрамя яго, у цырымоніі прынялі ўдзел: арцыбіскуп Вестмінстэрскі, кардынал Вінцэнт Нікалс, біскуп Персанальнага ардынарыяту катэдры святога Пятра ў ЗША і Канадзе Стывен Лопес, Апостальскі адміністратар персанальнага ардынарыяту Маці Божай Паўднёвага Крыжа ў Аўстраліі біскуп Энтані Рандаца.

У сваёй гаміліі кардынал Фернандэс адзначыў, што структура ардынарыяту дазваляе англіканам, якія ўступаюць камунію з Каталіцкім Касцёлам, захоўваць сваю самабытную “спадчыну пабожнасці і звычаяў, уласцівых англіканскай супольнасці”. Спасылаючыся на Апостальскую канстытуцыю Anglicanorum сoetibus, кардынал адзначыў, што ардынарыяту рэкамендуецца разглядаць станоўчыя аспекты англіканскай традыцыі як каштоўны дар і скарб, якім можна падзяліцца.

Кардынал Фернандэс падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ардынарыяту з мясцовымі дыяцэзіямі для ўмацавання адзінства і духоўнага росту. Ён заклікаў прысутных "расці ў духу дыялогу і абмену досведам, у тым ліку ў дасягненні пастырскіх мэтаў у святле таго, што прапануе Папа Францішак".

Іерарх прывёў у прыклад англійскіх святых, у прыватнасці святога Джона Генры Ньюмана, заахвоціўшы новага біскупа клапаціцца аб даручаным яму статку з адданасцю і любоўю.

22 чэрвеня 2024, 14:20