Пошук

Айцы-рэдэмптарысты Іван Лявіцкі і Багдан Гелета Айцы-рэдэмптарысты Іван Лявіцкі і Багдан Гелета 

З палону вярнуліся два ўкраінскіх грэка-каталіцкіх святара

29 чэрвеня 2024 года з расійскага палону ва Украіну вярнуліся 10 чалавек, сярод якіх два грэка-каталіцкіх святара, айцы Іван Лявіцкі і Багдан Гелета.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святары з кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты) былі арыштаваныя 16 лістапада 2022 года. Доўгі час пра іх не было ніякіх вестак. Паведамляючы аб вызваленні палонных, Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў у сацыяльнай сетцы X: "Я ўдзячны ўсім, хто дапамагаў. Дзякуй нашай камандзе, якая займаецца вызваленнем зняволеных. Я хачу таксама адзначыць намаганні Святога Пасада па вяртанні гэтых людзей дадому".

Кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, архіепіскап Святаслаў Шаўчук, падзякаваў Францішку, кардыналу П'етра Параліну і ўсяму дыпламатычнаму корпусу Святога Пасада. Асаблівую ўдзячнасць іерарх выказаў старшыні італьянскага епіскапату, кардыналу Матэа Дзупі, які неаднаразова заклікаў да вызвалення двух святароў, і арцыбіскупу Вісвальдасу Кульбокасу, апостальскаму нунцыю ва Украіне. Кожны з іх, гаворыцца ў паведамленні УГКЦ, унёс неацэнны асабісты ўклад у тое, каб вызваленне зняволеных стала магчымым.

29 чэрвеня 2024, 17:24