З палону вярнуліся два ўкраінскіх грэка-каталіцкіх святара
Марыя Валодзіна - Vatican News
Святары з кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты) былі арыштаваныя 16 лістапада 2022 года. Доўгі час пра іх не было ніякіх вестак. Паведамляючы аб вызваленні палонных, Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў у сацыяльнай сетцы X: "Я ўдзячны ўсім, хто дапамагаў. Дзякуй нашай камандзе, якая займаецца вызваленнем зняволеных. Я хачу таксама адзначыць намаганні Святога Пасада па вяртанні гэтых людзей дадому".
Кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, архіепіскап Святаслаў Шаўчук, падзякаваў Францішку, кардыналу П'етра Параліну і ўсяму дыпламатычнаму корпусу Святога Пасада. Асаблівую ўдзячнасць іерарх выказаў старшыні італьянскага епіскапату, кардыналу Матэа Дзупі, які неаднаразова заклікаў да вызвалення двух святароў, і арцыбіскупу Вісвальдасу Кульбокасу, апостальскаму нунцыю ва Украіне. Кожны з іх, гаворыцца ў паведамленні УГКЦ, унёс неацэнны асабісты ўклад у тое, каб вызваленне зняволеных стала магчымым.