2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Новы біскуп, дні моладзі, урачыстасці – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Біскуп-намінат Андрэй Зноска папрасіў аб малітве, каб годна прыступіць да новага служэння. 19 ліпеня 2024 года ў касцёле ў Смаргоні каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй абвясціў, што рашэннем Папы Францішка ксёндз Андрэй Зноска, пробашч лідскай парафіі Божай Міласэрнасці, прызначаны дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі. Намінат адзначыў, што ў духу паслухмянасці прымае волю Святога Айца, які даручае яму новыя задачы ў Касцёле, і папрасіў аб малітве, каб найлепшым чынам падрыхтавацца да прыняцця біскупскага пасвячэння і быць добрым пастырам для вернікаў, да якіх будзе пасланы.

Агульнабеларускія дні моладзі адкрыліся ў Браславе. Віцебская дыяцэзія з нагоды 25-годдзя заснавання запрасіла каталіцкую моладзь з усёй краіны на 4-я Агульнабеларускія дні моладзі, якія адкрыліся 19 ліпеня 2024 года ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў. У праграме – набажэнствы, канферэнцыі, працы ў групах, дыялог з біскупамі, інтэграцыйны час.

Урачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай праходзяць у Гудагаі. 20-21 ліпеня 2024 года ў дыяцэзіяльным фэсце ў гудагайскім санктуарыі ўдзельнічаюць іерархі – сёлета тут адзначаюць 260 гадоў з пачатку служэння ў парафіі кармелітаў босых. Напярэдадні ў Гудагаі адзначылі адпустовую ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармель і благаславілі фігуру анёла, усталяваную каля святыні.

У Вішневе благаславілі помнік на магіле айца Станіслава Міхальскага, закатаванага за веру. Езуіт, які служыў у Вішневе, прыняў тут мучаніцкую смерць ад рук камсамольцаў у перыяд ваяўнічага атэізму. Нядаўна на яго магіле пры касцёле ўстанавілі новы помнік і запрасілі на яго благаслаўленне 13 ліпеня 2024 года пробашча парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску айца Віктара Жука, айца Рышарда Матэюка з Польшчы, ксяндза Артура Ляшнеўскага, які быў ініцыятарам вывучэння жыцця айца Станіслава Міхальскага.

Пілігрымка да месца смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай праходзіць на Гродзеншчыне. 20 ліпеня 2024 года вернікі выйшлі з абласнога цэнтра ў Навумавічы да месца спачыну жыхароў Гродна і Ліпска, расстраляных нацыстамі ў ліпені 1943 года. Сярод ахвяр Другой сусветнай вайны была і Мар’яна Бярнацкая. Увечары на месцы трагедыі запланавана святая Імша ў памяць аб загінулых.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

20 ліпеня 2024, 09:59